Яўген Дудкін раскрыў свой агентурны псеўданім і заданні, якія давалі ў КДБ

Яўген Дудкін

Яўген Дудкін / racyja.com

Актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін, які раней заявіў, што яго завербаваў Камітэт дзяржбяспекі, раскрыў свой агентурны псеўданім. "Радзівіл, бывай! Такім 7 год быў псеўданім", — напісаў ён у Фэйсбуку.

Таксама ён паведаміў, якія канкрэтна заданні ад КДБ ён атрымліваў падчас сваёй агентурнай дзейнасці:

"Прашу прабачэння ва ўсіх тых асоб, аб якіх у мяне ішла размова з КДБ пра прадстаўнікоў:
1. Каталіцкага Касцёла на Беларусі, калі цікавіліся пра антыдзяржаўную прамову ці дзейнасць;
2. кіраўніцтва партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і іншых, калі ўздымалася пытанне "спробаў захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам";
3. дзеячоў прафсаюза РЭП, калі пыталіся пра "дэструктыўную дзейнасць";
4. сваіх студэнтаў, якіх падазравалі ў "радыкалізме ці вярбоўцы замежнымі службамі".

Дудкін заявіў, што падчас сваёй агентурнай дзейнасці не прычыніў зла людзям, якімі цікавіўся КДБ. Некаторых з іх ён назваў, бо яны на свабодзе і за мяжой: Аляксандр Буракоў, Ігар Барысаў, Уладзімір Шанцаў, Віктар Макаранка, Ігар Лабкоў, Сяргей Верамеенка, Тасія Кабанчук, ксёндз Раман Факсіньскі, Алег Мяцеліца, Андрэй Бодзілеў. Ён дадаў, што гэты спіс няпоўны, бо большасць людзей знаходзіцца ў Беларусі.

"Я здзейсніў сваю памылку восенню 2009 года і пазней з восені 2016 спрабаваў яе выправіць. Спужаўся распавесці? Так! Чаму? Бо бачыў раны і эмоцыі тых, хто быў рэспрэсаваны рэжымам. Іх боль, трагедыі і перажыванні. Гэта яшчэ больш яскрава бачна пасля 2020", — дадаў Дудкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.