"Ён на кантракце з УСУ": што вядома пра асуджанага ў "ДНР" на смерць мараканца

Брагім Саадун / mk.ru
Брагім Саадун / mk.ru

Грамадзянін Марока Брагім Саадун, якога ў так званай ДНР прысудзілі да смяротнага пакарання за наёмніцтва, служыў ва УСУ па кантракце, расказала Еўрарадыё яго сяброўка Дар'я.

Брагім пражыў ва Украіне тры гады, вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце — вывучаў аэракасмічныя сістэмы. А восенню мінулага года стаў вайскоўцам УСУ, расказвае Еўрарадыё сяброўка Брагіма — Дар'я.

— Ён афіцыйна служыў па кантракце. Ён камбатант. Ні пра якае наёмніцтва гаворка не ішла, — кажа Дар'я. — Увосень ён паехаў на вучэнні, а ўжо ў лютым — ва ўсходнюю частку Украіны.
 

Чаму мараканец вырашыў ваяваць за Украіну

Дар'я не ведае напэўна, калі мараканец Брагім прыняў рашэнне паступіць на службу ва УСУ.

— Чаму ён вырашыў пайсці на вайну? Я не ведаю. У нас восем гадоў ідзе вайна і прынята паважаць такое рашэнне. То-бок, калі чалавек вырашыў — і вырашыў, я не капалася ў прычынах. Я казала, што буду перажываць, што буду хвалявацца. Пыталася, ці ўпэўнены, што хоча паехаць. Але ён так вырашыў.

Для мяне было сюрпрызам, калі ён сказаў, што вырашыў пайсці ваяваць. Нейкіх папярэдніх размоў, працяглых абмеркаванняў не было.

Пра тое, што Брагім трапіў у палон, Дар'я даведалася з відэа на адным з ютуб-каналаў.

— А праз месяц мы ўбачылі відэа, у якім гаварылася, што генпракуратура "ДНР" будзе іх судзіць. І за ўвесь гэты час, што ён знаходзіўся ў палоне, сувязі з ім не было. Ні сям'і, ні сябрам патэлефанаваць не давалі. Мы не ведаем, у якіх умовах яго ўтрымліваюць.

У навінах мы чыталі, што затрыманым брытанцам давалі патэлефанаваць сям'і, а Брагіму чамусьці не.

 

“Он на контракте с ВСУ”: что мы знаем о приговорённом к смерти марокканце
Брагім Саадун / фота з архіва сяброў

"Як ніколі адчуваеш сябе маленькім чалавекам"

Брагімавы блізкія спадзяюцца, што прысуд не будзе прыведзены ў выкананне. Але і сумневаў у тым, што гэта магчыма, у Дар'і няма.

— Зразумела, што мы ўсе хочам, каб Брагім застаўся жывы, каб ён як мінімум быў у бяспецы. Я не хачу нават разглядаць іншы варыянт, нават думаць пра яго. Але той факт, што гэта магчыма, прымушае нешта рабіць ужо цяпер.

Гэта сітуацыя, у якой ты як ніколі адчуваеш сябе маленькім чалавекам. Табе вельмі складана паўплываць на яе, ты мала што можа зрабіць. Але мы спрабуем зрабіць усё, што можам.

Дар'я кажа, што лепш за ўсё пра Брагіма гаворыць рэзананс, які выклікаў гэты "прысуд". На заклік дапамагчы распаўсюдзіць інфармацыю пра яго адгукнуліся многія.

— Людзі пішуць пасты ў інстаграме, расказваюць, што знаёмыя з Брагімам, што сустракалі яго. За яго перажываюць вельмі многія, таму што ведаюць, наколькі ён добры чалавек.

Калі ішлі баявыя дзеянні ў самым пачатку поўнамаштабнай вайны, ён знаходзіўся на ўсходзе Украіны. Зразумела, што гэта было не самае бяспечнае месца. Зразумела, што ўмовы былі вельмі цяжкія. Але ён мне патэлефанаваў, каб сказаць, што ў бок Кіева ляцяць верталёты. Яму яўна было не да размоў у той момант, але ён мне патэлефанаваў, каб я падрыхтавалася, знайшла бамбасховішча. Пра сваіх сяброў і сваіх блізкіх ён турбуецца значна больш, чым пра сябе.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі