Юрась Губарэвіч выклікаў старшыню КДБ на адкрытую сустрэчу
Юрась Губарэвіч у Мінску
Старшыня "Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч у 2017 годзе звяртаўся да Валерыя Вакульчыка (не той час старшыні КДБ Беларусі) з прапановай правесці адкрытую сустрэчу. Ён хацеў у прысутнасці журналістаў пагаварыць з сілавіком пра тое, навошта чэкісты лезуць да ўдзельнікаў руху.
Цягам году супрацоўнікі КДБ прыйшлі для размовы ці выклікалі да сябе траіх "засвабодаўцаў". Незадаволены такой надзвычайнай цікаўнасцю Губарэвіч прапанаваў старшыні камітэта сустрэцца ў прысутнасці прадстаўнікоў СМІ, каб адказаць на пытанні, што цікавяць чэкістаў.
"А таксама спадзяюся пачуць матывы такой пільнай увагі з боку супрацоўнікаў КДБ да дзейнасці нашай арганізацыі, — пісаў ён у звароце. — У выпадку, калі гэта былі не вашыя супрацоўнікі, прапаную распачаць праверку па факце незаконнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўнікоў невядомай спецслужбы, якая прыкрываецца назвай КДБ".
У каментары Еўрарадыё Губарэвіч сказаў, што ідэя звярнуцца да Вакульчыка нарадзілася падчас калектыўнай нарады. "Нам не было чаго хавацца. Мы былі зарэгістраваныя ў Беларусі, дзейнічалі адкрыта, — распавядае ён. — Але сустрэча не адбылася — КДБ пабаялася. Хаця пэўны эфект гэта ўсё мела — пераслед нашых сяброў на той момант прыпыніўся".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.