Японец Наканісі Масатосі ў Беларусі асуджаны на 7 гадоў калоніі

Наканісі Масатосі / tvr.by
Японец Наканісі Масатосі ў Беларусі асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф — 21 тысячу рублёў, паведамляе Генпракуратура. Сцвярджаецца, што замежнік у 2018-2024 гадах "ажыццяўляў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь агентурную дзейнасць". Яго прызналі вінаватым "у супрацоўніцтве замежнага грамадзяніна са спецыяльнай службай, органам бяспекі і разведвальным органам замежнай дзяржавы, спалучаным з дзеяннямі, загадзя накіраванымі на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, пры адсутнасці прыкмет іншых больш цяжкіх злачынстваў супраць дзяржавы". Справу разглядаў Мінскі гарадскі суд.
Пяцідзесяцігадовага японца затрымалі ў Беларусі ў ліпені 2024-га па падазрэнні ў шпіянажы. Масатосі працаваў у Беларусі выкладчыкам японскай мовы. Па версіі КДБ, за шэсць гадоў ён зрабіў больш за 9 тысяч здымкаў беларуска-ўкраінскай мяжы і адправіў іх у Японію, "ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару".
Наканісі Масатосі з 2018 года жыў у Гомелі, дзе ажаніўся з мясцовай жыхаркай. Ён выкладаў японскую мову ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францішка Скарыны. У вольны час падарожнічаў па Беларусі і рабіў шмат здымкаў.
Беларускія праваабаронцы прызналі грамадзяніна Японіі палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.