Затрыманых у Беларусі грамадзян Японіі і Украіны прызналі палітвязнямі

Наканісі Масатосі

Наканісі Масатосі / tvr.by

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек. Гэта — Вадзім Наўцэня, Андрэй Субцэльны, Сяргей Кабарчук, Павел Кабарчук (Кабарчукі — грамадзяне Украіны, асуджаныя нядаўна ў Гомелі агулам на 40 гадоў на дваіх), Людміла Дэйнека, Вольга Радзівонава, Данііл Палянскі, Аляксандр Судніковіч і Наканісі Масатосі (грамадзянін Японіі, пра затрыманне якога КДБ стала вядома ў пачатку верасня). Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Наўцэня асуджаны паводле абвінавачвання ў "абразе" Лукашэнкі, "абразе прадстаўніка ўлады", "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь", "распальванні варожасці", "арганізацыі альбо актыўным удзеле ў групавым грубым парушэнні грамадскага парадку" на тры гады папраўчай калоніі, Субцельны — паводле абвінавачвання ў "закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь", "распальванні варожасці або варажнечы" да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі, Дэйнека — паводле абвінавачвання ў "распальванні сацыяльнай варожасці", "закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь", "абразе Лукашэнкі" да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Радзівонаву ўтрымліваюць пад вартай паводле абвінавачвання ў "абразе" Лукашэнкі і "паклёпе" на яго, "абразе прадстаўніка ўлады", "распальванні варожасці", Палянскага — паводле абвінавачвання ў "здрадзе дзяржаве", Судніковіча — паводле абвінавачвання ў "абразе" Лукашэнкі, "абразе прадстаўніка ўлады", "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні", "распальванні сацыяльнай варожасці".

Наканісі Масатосі абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці".

У Беларусі зноў больш за 1300 палітвязняў. І гэта толькі прызнаныя праваабаронцамі, насамрэч палітычных зняволеных больш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі