Юрый Зісер: Яны лезлі да мяне, каб я ім прадаў TUT.by

Юрый Зісер / KYKY.org
Юрый Зісер / KYKY.org

17 траўня пасля працяглай хваробы памёр заснавальнік партала TUT.by Юрый Зісер. У інтэрв'ю сайту KYKY.org за паўтара года да гэтага бізнесмэн распавёў пра ціск, які яму даводзіцца трываць праз тое, што ён валодае адным з самых уплывовых медыяў у Беларусі.

Зісер папрасіў не публікаваць гэты фрагмент інтэрв'ю да сваёй смерці. На жаль, сёння гэты момант наступіў, і тэкст апублікаваны. Юрый Анатольевіч гаворыць пра тое, што анкалогія знішчае людзей на фоне сур'ёзных жыццёвых праблем. Ён згадвае ўладальніка кампаніі "Анега" Сяргея Метту, заснавальніка інфармагенцтва "БелаПАН" Алеся Ліпая.

"У мяне таксама такое. На мяне моцна ціснулі ўвесь час. І працягваюць ціснуць — каб я ім прадаў партал. І недзе за паўгода да пачатку хваробы я кожную раніцу прачынаўся з думкамі: "Вось, ужо пара і паміраць". Таму што вось ужо я ўсё зрабіў, я выгадаваў TUT.by, а тут мяне пасадзяць, пачнуць дапытваць, я што-небудзь не тое скажу і скампраментую TUT.by — і лепш памерці, — распавядае ён. — Я стаў кожную раніцу з гэтай думкай прачынацца. За некалькі месяцаў да крывацёку".

"А вы тады не думалі адысці ад спраў?" — пытаецца галоўрэд KYKY.org Анастасія Рагатко.

"А што гэта дасць? Усё роўна ж неяк... Яны лезлі да мяне нават пасля гэтага. Праз іншых. Яны не вялі гутаркі непасрэдна са мной. Праз калегаў дзейнічалі... — адказвае Юрый Зісер. — Гэта вы можаце апублікаваць, калі я памру. але я спадзяюся, яшчэ працягну гадоў дваццаць".

"Я таксама спадзяюся".

"Але гэтага ніхто не ведае. Таму што разнавіднасць цяжкая. Гэта не рак грудзей ці рак прастаты, які вылечыў — і на ўсё жыццё. Гэта цяжкая форма. Але тым не менш, мяне добра лечаць".

Юрыю Зісер было ўсяго 59 гадоў. Ён нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове, бацька быў інжынерам, мама — музыкай. У 2000 годзе Зісер зрабіў галоўнае, чым цяпер шырока вядомы — стаў адным са стваральнікаў сайта TUT.by, які паступова ператварыўся ў адзін з самых важных сайтаў байнэту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі