З матэрыялаў крымінальнай справы анархіста Дзядка вынікае, што яго збівалі

З матэрыялаў крымінальнай справы анархіста Дзядка вынікае, што яго збівалі

З матэрыялаў крымінальнай справы анархіста Мікалая Дзядка вынікае, што яго збівалі, паведамляе БелаПАН. Працэс над палітвязнем праходзіць з 29 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе. 1 ліпеня адвакат Яўген Маслаў зачытваў матэрыялы справы. У іх зафіксавана, што ў Дзядка былі сінякі на абодвух вачах, шыі, пярэдняй паверхні грудной клеткі, спіне і г. д. (на левым сцягне сіняк быў памерам 26 на 18 см). Усе пашкоджанні сфатаграфаваныя.

На папярэднім следстве Мікалай Дзядок расказаў, што падчас затрымання ў кватэры адначасова былі выбітыя ўваходныя дзверы і дзверы на балконе. Шэсць міліцыянераў (трое з іх былі ў цывільным) паклалі яго на падлогу, білі нагамі, патрабавалі назваць паролі ад ноўтбука, тэлефона. Ён адмаўляўся, пакуль сілавікі не сталі яго душыць падушкай. У будынку ГУБАЗіК збіццё працягнулася: білі дубінкамі, засоўвалі ў рот бутэлькі з невядомай вадкасцю. Абвінавачны таксама сцвярджаў, што ў адным з памяшканняў, дзе ён знаходзіўся, распылялі слёзацечны газ.

32-гадовага анархіста Мікалая Дзядка затрымалі ў лістападзе мінулага года на канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы ў Асіповіцкім раёне. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах КК: "актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "незаконныя дзеянні ў адносінах прадметаў, паражаючае дзеянне якіх занавана на выкарыстанні гаручых рэчываў", "распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспекі Беларусі, з выкарыстаннем інтэрнэту".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі