За месяц у Літве выявілі 250 паветраных шароў з Беларусі

Паветраны шар з кантрабандай

Паветраны шар з кантрабандай / Памежная служба Літвы

У верасні літоўскія службы зарэгістравалі 250 паветраных шароў, якія ляцелі з Беларусі. Такую лічбу ў інтэрв'ю BNS называе камандуючы службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас.

Ён кажа, што вайсковыя радыёлакацыйныя станцыі фіксуюць такія аб'екты, а потым перадаюць інфармацыю памежнікам. Такімі шарамі карыстаюцца кантрабандысты пераважна для перапраўкі цыгарэтаў.

Як расказвала Еўрарадыё, на выходных такі паветраны шар з кантрабанднымі цыгарэтамі ўпаў на тэрыторыі аэрапорта Вільні.

У Літве вядуцца дыскусіі, хто павінен збіваць такія шары. Паводле Любаеваса, паветраныя шары хутка дасягаюць вышыні ў 2-5 км, а ў памежнікаў няма чым збіваць іх там.

"Ад красавіка мы заўважылі тэндэнцыю, што кантрабандысты пачынаюць выкарыстоўваць для кантрабанды метэазонды. У жніўні зафіксавана 117 такіх выпадкаў, у верасні мы таксама бачым досыць вялікі рух", — дадае кіраўнік літоўскіх памежнікаў.

На яго думку, для разведкі такія зонды выкарыстоўваць немагчыма, бо яны некіраваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі