Па селядцы ездзілі ў Рым: чым беларусы замяняюць звыклыя прадукты за мяжой

Туга па беларускіх прадуктах

Туга па беларускіх прадуктах / @rubanau_collage

Якіх прадуктаў не хапае беларусам за мяжой, чым іх замяняюць і як шукаюць. Пачыталі суполкі беларускіх дыяспар — і ўразіліся, на якія вычварэнні гатовыя пайсці людзі дзеля смятаны і тварагу!

(У гэтым тэксце не будзе ні слова пра глазураваныя сыркі! Ні з "дзяўчынкай", ні з "пандай").

 

Грэчка (ніякіх жартаў!)

Эмігранты ў Італіі жаляцца, што не могуць знайсці нармальнай крупы. "Знайшоў толькі сумесь рысу і грэчкі і яшчэ маленечкія ўпаковачкі экапроса па 4 еўра за кілаграм — па цане кіноа (збожжавая культура)", — абураецца беларус у Італіі.

Чым замяняюць грэчку? Не трэба замяняць, трэба хадзіць па правільных крамах. Жыхары прамыслова развітай поўначы Італіі наогул не ведаюць пра такую праблему — грэчка ёсць у кожным вялікім супермаркеце.

А яшчэ яе поўна ў крамах тавараў з Усходняй Еўропы. Яшчэ адзін варыянт — крамы "экапрадуктаў".

"Проса там гэткае ж, як наша, грэчка — больш светлая, а бывае нават зялёная", — пераказваюць беларусы беларусам.

Зялёную грэчку раяць абсмажыць на патэльні, каб яна стала звыклай для беларускага вока.

Многія раяць румынскія крамы. Там, кажуць, не толькі грэчка выдатная, але і... селядзец! Ходзяць размовы, што па ім эмігранты таксама сумуюць.

 

Селядзец

Тэма пошуку селядца па зразумелых прычынах абвастрылася ў адной з груп беларускіх эмігрантаў пад Новы год. Хтосьці адпраўляе эмігрантаў у Рым ва ўсходнееўрапейскія крамы, а хтосьці раіць, чым замяніць звыклы селядзец (беларусы ў Нарвегіі не ўцямяць, пра што гаворка).

За селёдкой ехали в Рим: чем белорусы заменяют привычные продукты за рубежом
Селядзец / pixabay

Чым? Засаліць скумбрыю або замяніць селядца дробнай кількай (салакай альбо сардзінамі). Хтосьці раіць проста купіць чырвоную рыбу — яна ў Італіі таннейшая, чым селядзец.

 

Кілька і маміна квашаная капуста

Але не проста кілька, а кілька вострага пасолу! Па ёй засумавалі ў адной з груп беларускіх эмігрантаў у Польшчы.

Чым замяніць? Дыскусія на гэтае пытанне была такой бурнай, што аўтар проста засаліла кільку сама. Рэцэптам не падзялілася, звярнуўшыся да вядомага абгрунтавання — "усё рабілася на вока".

Вы спытаеце, што аб'ядноўвае кільку і квашаную капусту? Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі вырашылі, што гэтыя прадукты лепш рабіць уласнаруч. Топік-стартар у выніку засаліла кільку, а іншая эмігрантка патэлефанавала маме і даведалася, як квасіць капусту.

 

Смятана

"Ці ёсць тварог і смятана ў Італіі?" — пытаецца эмігрантка, падымаючы балючую для дыяспары тэму.

Чым замяняюць смятану? Па смятане сумуюць так моцна, што хтосьці нават прыдумаў растапліваць сыр "Філадэльфія" — кажуць, атрымліваецца субстанцыя, якая крыху нагадвае смятану.

На самай справе сумуюць па смятане, толькі калі вельмі хочацца па чым-небудзь пасумаваць. Яе лёгка можна знайсці ва ўкраінскіх, румынскіх, балгарскіх, рускіх крамках. А некаторыя карыстальнікі скідваюць і адрасы італьянскіх крам, у якіх ёсць польская, латвійская або нямецкая смятана. Кажуць, не горшая за беларускую.

За селёдкой ехали в Рим: чем белорусы заменяют привычные продукты за рубежом
Смятана / pixabay

А нехта робіць зусім ужо па-італьянску і... гатуе смятану самастойна з вяршкоў і грэцкага ёгурта. "Бераце белы ёгурт і вяршкі. Змешваеце — і робіцца смятана. Прычым у сто разоў смачнейшая за нашу", — дзеляцца рэцэптам.

Яшчэ адзін рэцэпт, які мы вычыталі, — змяшаць літр ёгурта са слоікам маскарпоне.

 

Пірожнае "Бульбачка"

Так, праўда, сумуем.

Чым замяніць? У групе польскай дыяспары выдаюць сакрэт. Польскае пірожнае "Баядэрка", калі набыць у правільным месцы ў правільную квадру месяца (раяць пякарню "Hert"), — адзін у адзін беларуская "Бульбачка".

Беларусы з іншых краін, заязджайце.

 

Тварог

У Італіі ёсць мноства сыроў усялякіх гатункаў, але што, калі хочацца тварагу?

Чым замяняюць тварог? Хтосьці скеміў, што тварог можна зрабіць, калі ўзяць італьянскі сыр квартырола, парэзаць яго на кавалкі і замачыць у вадзе на некалькі дзён. Ваду трэба мяняць 2-3 разы на дзень, пасля заканчэння гэтага алхімічнага эксперыменту сыр ператворыцца... у нешта вельмі падобнае на тварог. Можна ляпіць сырнікі.

За селёдкой ехали в Рим: чем белорусы заменяют привычные продукты за рубежом
Сырнікі / pixabay

А яшчэ тым, хто млее па тварагу, раяць паспрабаваць казіны сыр — кажуць, ён трохі нагадвае патрэбны смак. Або грэцкі сыр фета — гэта, вядома, не тварог, але можа спадабацца. Ці проста кінуць пошукі і пакаштаваць усе віды італьянскіх сыроў — можа, настальгія па тварагу пройдзе сама.

 

Чаго вам не хапае?

А многія наогул не разумеюць гэтай настальгіі.

"Я куды ні паеду, мне ўсяго хапае. Нават калі перастаю есці грэчку, сыркі, піць кефір, то знаходжу нешта іншае. У Еўропе харчаванне больш разнастайнае, чым у нас", — падсумоўвае адна з удзельніц дыскусіі пра кільку.

А некаторыя каментатары, што адзначыліся пад пастамі пра смятану, заклікаюць не рабіць з ежы культу. (Сустрэнемся з вамі ў румынскай краме, пазнаем вас па селядцу ў руках!)

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі