Збанкрутавала кампанія Юрыя Чыжа, якая кіравала сеткай заправак "Трайпл"
Запраўка "Трайпл"
Эканамічны суд Мінска пачаў працэдуру банкруцтва кампаніі "Нафтахімтрэйдынг", піша "Наша Ніва". Гэтая кампанія Юрыя Чыжа кіравала сеткай заправак "Трайпл". Як вынікае з матэрыялаў справы, кампанія вінная крэдыторам больш за 4,5 мільёна долараў.
Пазоў з патрабаваннем банкруцтва "Нафтахімтрэйдынга" падаў яго асноўны крэдытор "Банк ВТБ" (Беларусь). У закладзе ў банка ўжо ёсць два аб'екты нерухомасці "Нафтахімтрэйдынга". Выданне мяркуе, што, "імаверна, гаворка ідзе пра непрададзеныя АЗС". Сама кампанія-даўжнік дагэтуль лічыцца дзейнай арганізацыяй. У яе штаце лічацца 5 супрацоўнікаў, праўда, трое з іх — у дэкрэтным адпачынку. Аднак фактычна кампанія не працуе — яе пазбавілі ліцэнзіі яшчэ ў 2021-м годзе.
Прадстаўнікі кампаніі-даўжніка пярэчылі супраць пачатку працэсу, аднак суд адкрыў справу аб банкруцтве і прызначыў чарговае пасяджэнне на 27 чэрвеня.
Юрый Чыж, які быў адным з блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцаў, трапіў у няласку ў 2016 годзе. Яго затрымалі паводле падазрэння ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Валерый Вакульчык, які ў той час быў кіраўніком КДБ, казаў, што камерсант быў затрыманы падчас спробы пакінуць краіну на аўтамабілі. У верасні 2016 года Юрыя Чыжа выпусцілі. Увесну 2021 года яго зноў затрымалі і зноў выпусцілі ўвосені 2022 года. У лютым 2023 года нарэшце адбыўся суд. Ён прысудзіў Чыжа да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Ад адбыцця тэрміну яго вызвалілі — праз амністыю і час, праведзены пад вартай у 2016 і 2021-2022 гадах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.