Зброю, 1700 боепрыпасаў і 2,5 кг пораху канфіскавалі ў жыхара Міншчыны

Арсенал, які знайшлі ў жыхара Бярэзінскага раёна / МУС Беларусі
У 53-гадовага жыхара Мінскай вобласці канфіскавалі арсенал агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі. Атрымаўшы аператыўную інфармацыю, дадому да мужчыны прыйшлі супрацоўнікі Бярэзінскага РАУС і міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Як паведамляе прэс-служба МУС, у яго знайшлі даўгаствольны карабін, дзве вінтоўкі, баявы рэвальвер, пісталет, гладкаствольную паляўнічую стрэльбу, пнеўматычны пісталет, пнеўматычную вінтоўку, каля 50 складовых частак зброі, а таксама больш за 1700 боепрыпасаў і каля 2,5 кг пораху.
Таксама пры ператрусе знайшлі афіцэрскі пяхотны корцік вермахта ўзору 1935 года, два ручныя металашукальнікі і прадметы з месцаў баёў часоў Другой сусветнай вайны.
У МУС дадалі, што за "незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.