ЗША хочуць увесці для Месяца ўласную сістэму адліку часу
Любое адхіленне можа адправіць касмічны апарат на няслушную арбіту
ЗША хочуць увесці для Месяца ўласную сістэму адліку часу. Такую задачу NASA паставілі ў Белым доме. Справа ў тым, што сіла прыцягнення на Месяцы ніжэй, чым на Зямлі, і час там рухаецца хутчэй, апярэджваючы зямны на 58,7 мікрасекунды ў дзень. Атрымліваецца, што розніца ў адну секунду назапашваецца за 46-47 гадоў. На першы погляд гэта няшмат, але для сінхранізацыі касмічных палётаў нават такая розніца можа быць істотнай, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
NASA — не адзіная арганізацыя, якая хоча ўвесці месяцовы час. Распрацоўкай сваёй сістэмы адліку часу займаецца і Еўрапейскае касмічнае агенцтва. Таму ў будучым яшчэ давядзецца дамаўляцца і ствараць каардынуючую арганізацыю, функцыі якой у цяперашні час выконвае Міжнароднае бюро мер і вагаў.
Адно з дыскусійных пытанняў, з якога моманту варта ўводзіць новую сістэму адліку часу. ЗША хацелі б увесці яе да 2026 года, да часу, на які запланаваны пілатуемы палёт на Месяц (місія "Артэміда-3"). Для яго поспеху спатрэбіцца гранічна дакладнае планаванне аж да нанасекунд — любое адхіленне можа адправіць касмічны апарат на няслушную арбіту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.