Беларусы і космас: хто лётаў, а хто прадбачыў
Беларусы, якія паўплывалі на падарожжы ў космасе
Марына Васілеўская — першая ў гісторыі жанчына з Беларусі, якая адправілася ў космас. Яна зрабілася чацвёртай ураджэнкай нашай краіны, якая пабывала за межамі Зямлі.
Бортправадніца "Белавія" ў 2022 годзе была адабраная ў ліку шасці прэтэндэнтак для ўдзелу ў касмічным палёце на расійскім караблі "Саюз". З 23 сакавіка гэтага года яна ў космасе.
Еўрарадыё ўспамінае беларусаў, якія зрабілі свой унёсак у развіццё сусветнай касманаўтыкі.
Пётр Клімук — першы беларус у космасе
Ураджэнец вёскі Камароўка Брэсцкай вобласці Пётр Клімук быў у космасе тройчы і ўсяго правёў там 78 сутак.
18 снежня 1973 года ён стартаваў з Байканура на караблі "Саюз-13".
Навуковая праграма палёту, якая першапачаткова разлічвалася на 28 сутак, прадоўжылася яшчэ на 35. На той момант экіпаж усталяваў новы рэкорд працягласці касмічнага палёту для савецкіх касманаўтаў — амаль 63 сутак.
Наступным разам у космас ён адправіўся ў траўні 1975-га на касмічным караблі "Саюз-18-2" да арбітальнай станцыі "Салют-4". Гэтым разам на арбіце ён таксама правёў 63 дні.
Свой трэці палёт у космас Клімук здзейсніў 27 чэрвеня 1978 года ў якасці камандзіра міжнароднага экіпажа сумесна з касманаўтам-даследчыкам, палякам Міраславам Гермашэўскім на касмічным караблі "Саюз-30" да арбітальнай станцыі "Салют-6". Палёт доўжыўся да 5 ліпеня.
Беларус з'яўляецца двойчы героем СССР.
Цяпер Клімуку 81 год, ён пенсіянер, жыве ў Маскве. У Беларусі ў яго гонар названыя вуліцы ў некалькіх гарадах, а ў роднай вёсцы ўсталяваны помнік.
Уладзімір Кавалёнак — двойчы герой СССР
Другі беларускі касманаўт — Уладзімір Кавалёнак — таксама пабываў на арбіце тройчы. Ураджэнец пасёлка Белае Крупскага раёна Мінскай вобласці першы раз адправіўся скараць космас у якасці камандзіра карабля "Саюз-25".
Другі касмічны палёт Уладзімір Кавалёнак, зноў на пасадзе камандзіра карабля, здзейсніў у 1978 годзе на борце "Саюза-29". Падчас гэтага палёту быў усталяваны рэкорд знаходжання чалавека ў космасе — 139 сутак 14 гадзін 47 хвілін.
Трэці і апошні палёт касманаўта адбыўся ў 1981 годзе на караблі "Саюз Т-4". Сумарна атрымалася 216 сутак на зямной арбіце, у тым ліку дзве гадзіны ў адкрытым космасе.
Уладзімір Кавалёнак двойчы прызнаны героем СССР. Як і Пётр Клімук, ён жыве ў Маскве.
Расійскі касманаўт з Чэрвеня
Трэці беларус у космасе — ураджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі. У 2012 годзе ён зрабіўся камандзірам карабля "Саюз ТМА-06М", які стартаваў з Зямлі 23 кастрычніка. Працягласць палёту склала 143 сутак.
Яшчэ раз касманаўт адправіўся на МКС 17 лістапада 2016 года ў якасці камандзіра экспедыцыі. Падчас палёту ён разгарнуў на борце МКС беларускі дзяржаўны сцяг, зрабіў з космасу здымкі Мінска і іншых гарадоў Беларусі, віншаваў Беларусь з Новым годам.
У 2021 годзе Навіцкі трэці раз адправіўся ў космас. Палёт доўжыўся 190 сутак. Касманаўт тройчы выходзіў у адкрыты космас і агулам правёў там больш за 22 гадзіны. Агульная працягласць яго палётаў склала больш за 531 сутак. Касманаўт мае званне героя Расіі.
У цяперашні момант Навіцкі здзяйсняе свой чарговы палёт. У якасці капітана карабля "Саюз МС-25" ён адправіўся ў космас разам з Марынай Васілеўскай.
Адзначым, што ў 2022 годзе Алег Навіцкі падтрымаў расійскую агрэсію супраць Украіны і нават прыязджаў на пазіцыі расійскіх войскаў у Харкаўскай вобласці.
Мастак, які пісаў пра космас
Язэп Драздовіч — адзін з самых вядомых беларусаў, звязаных з космасам. Так, ён не дажыў да моманту, калі чалавек паляцеў туды, але сур'ёзна падыходзіў да сваіх даследаванняў.
У бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта Язэп Драздовіч вывучаў літаратуру па астраноміі, там жа распрацоўваў тэорыі ўзаемадзеяння планет і мадэлі ракет, якія лётаюць у космас.
Ён напісаў дзве тэарэтычныя працы: "Нябесныя бегі", прысвечаную пытанню паходжання планет у Сонечнай сістэме, і "Тэорыю руху ў касмалагічнай прасторы".
Акрамя гэтага, ён адлюстроўваў на палотнах далёкія планеты і іх насельнікаў. Напрыклад, "Сатурнянкі аглядаюць свае зімовачныя пячоры", "Сустрэча вясны на Сатурне" або "Вечар у марсіянскай пустыні".
Дзякуючы беларусу стаў магчымы палёт на Месяц. Ого!
Гаворка пра Барыса Кіта, ён нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Санкт-Пецярбургу ў сям'і беларуса.
Пасля рэвалюцыі з'ехаў на радзіму бацькі ў вёсцы Агароднікі Карэліцкага раёна, скончыў Навагрудскую беларускую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Працаваў дырэктарам Віленскай і Навагрудскай гімназій. Пасля Другой сусветнай вайны эміграваў у ЗША, дзе зрабіў бліскучую навуковую кар'еру ў галіне астранаўтыкі.
У 1956 годзе ён распрацаваў формулу ракетнага паліва на аснове вадкага вадароду, якое дазволіла здзейсніць палёты на Месяц. Кіт удзельнічаў у распрацоўцы паліва для касмічнага карабля "Апалон" і чаўночнага касмічнага карабля "Шатл".
Адначасова з навуковай працай Кіт выкладаў у Мэрылендскім універсітэце ў Каледж-парку. А з 1958 года быў пастаянным удзельнікам Міжнароднага кангрэса астранаўтаў.
У 1960 годзе выйшаў першы ў гісторыі падручнік па паліве для ракетных сістэм, які падрыхтаваў Барыс Кіт. Беларус таксама ўдзельнічаў у разліку траекторыі палёту амерыканскіх астранаўтаў да Месяца.
Барыс Кіт памёр 1 лютага 2018 года ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця. Цырымонія развітання з навукоўцам праходзіла пад бел-чырвона-белым сцягам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.