Стала вядома, чым займаецца на МКС першая беларуская касманаўтка
Марына Васілеўская
На Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) беларуская касманаўтка Марына Васілеўская займаецца доследамі з мікраарганізмамі, узоры якіх падабралі айчынныя навукоўцы, паведамляе "Раскосмас".
Як распавядала Еўрарадыё, 25 сакавіка "Саюз МС-25" паспяхова састыкаваўся з МКС, і туды перайшоў экіпаж у складзе Васілеўскай, ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага і астранаўткі НАСА Трэйсі Дайсан.
Касманаўты прыступілі да наступных эксперыментаў:
"Проксібіётык" — гэта даследаванне мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў для стварэння комплекснага прадукту, які дапаможа падтрымліваць мікрафлору ў чалавечым арганізме падчас касмічнага палёту;
"Магнітная фабрыкацыя" — гэта даследаванне магчымасці кіравальнага фарміравання і фабрыкацыі трохмерных структур ва ўмовах мікрагравітацыі з арганічных і неарганічных матэрыялаў пры дапамозе магнітных палёў;
"Сепарацыя" — выдзяленне і ачыстка вады з урыны.
У прыватнасці, паведамляецца, што ў першым эксперыменце Васілеўская зробіць кісламалочны прадукт (кефір) з комплексам прабіятычных культур. Біфідабактэрыі і малочнакіслыя арганізмы для доследаў падбіралі навукоўцы Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі.
Агулам у навуковую праграму палёту ўваходзіць сем эксперыментаў, з іх пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя.
Васілеўская паляцела ў космас з другой спробы 23 сакавіка. Яна стала першай беларускай касманаўткай. Плануецца, што на зямлю яна вернецца 2 красавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.