На мяжы з Літвой загінуў беларускі салдат

Мікіта Літвіновіч

Мікіта Літвіновіч / старонка "Вконтакте"

На мяжы з Літвой загінуў беларускі салдат тэрміновай службы.

Як піша сайт "Зеркало", хлопца завуць Мікіта Літвіновіч. Яго сваякам сказалі, што ён скончыў жыццё самагубствам.

"Камандзіры не паведамілі бацькам ніякіх падрабязнасцяў. Бацьку ўдалося толькі даведацца, што разам са сваімі калегамі Мікіта "прыехаў на кропку", выйшаў папаліць і застрэліўся", — цытуюць журналісты словы крыніцы.

Трагічнае здарэнне адбылося 25 сакавіка ў Пастаўскім раёне. Пахавалі Мікіту ў Паставах 27 сакавіка.

Літвіновіч служыў памочнікам гранатамётчыка ў 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе. Яна задзейнічаная ў праверцы боегатоўнасці, якую цяпер праводзяць у беларускім войску.

Мікіта Літвіновіч быў прызваны ўвосень 2022. Яму быў 21 год.

Афіцыйнага паведамлення Мінабароны пра надзвычайнае здарэнне не было. Атрымаць каментары ў вайсковай часці, дзе служыў Літвіновіч, і ў Мінабароны журналісты не змаглі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі