“Важна, не чаму ў Курапатах пабудавалі, а чаму пераглядалі межы ахоўнай зоны"

“Важна, не чаму ў Курапатах пабудавалі, а чаму пераглядалі межы ахоўнай зоны"

Аўтар “Мовы” і “Возера радасці” Віктар Марціновіч упэўнены: у Курапатах разведзеныя па розныя бакі людзі, якім, па вялікім рахунку, няма чаго дзяліць ― кліенты рэстарана і яго уладальнікі. Але развёў іх па розныя бакі трэці ўдзельнік канфлікту ― чыноўнікі. Менавіта дзякуючы ім, кажа Марціновіч, гэтае супрацьстаянне ўзнікла.

Віктар Марціновіч: “У мяне ёсць уражанне, што сітуацыя створаная адмыслова: пакуль мы “сячомся” на тэму таго, хто падлюга і як дрэнна, што ў Курапатах пабудавалі кабак, мы не кажам і не думаем пра што больш важнае. Сітуацыя такога супрацьстаяння, можа, некаму і “на руку”. Думаць тут трэба не пра тых, хто ўклаў туды грошы, думаючы, што ім за гэта нічога не будзе, а пра тое, чаму ім дазволілі ўкласці туды грошы. Тут падмурак канфлікту, і да гэтых людзей і мяне вялікае этычнае пытанне: навошта было так рабіць, пераглядаць межы ахоўнай зоны? Я не магу зразумець, якая мэта ставілася. Навошта было адной рукой ствараць мемарыял, казаць пра мемарыял у Курапатах, а другой рукой аддаваць кавалак зямлі сярод крыжоў бізнесменам? Акурат бізнесмены маглі нешта і не зразумець. Каб зразумець, які будзе “грохат”, трэба было за сітуацыяй сачыць. А бізнесмены з тых людзей, якія не асабліва цікавяцца болем, уяўленнямі пра дабро і зло іншых людзей. Яны “папалі”. Але больш пытанняў у мяне да чыноўнікаў”.

Супрацьстаянне вакол рэстарана ў Курапатах працуе на аб’яднанне грамадскасці і прымушае розных людзей задумацца пра рэчы, на якія раней увагі не звярталі. Да прыкладу, пра нацыянальную памяць і маральнасць. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказвае былы фігурант “справы патрыётаў” Міраслаў Лазоўскі.

“Ёсць людзі, якія пабудавалі гэты рэстаран і якім, умоўна кажучы, абыякава, што там ляжаць ахвяры рэпрэсій, што гэта месца трагічнай памяці беларусаў. Знаходзяцца тыя, каму ў тым рэстаране цікава паесці. У такіх людзей няма ў сэрцы нават водгуку нацыянальнай ідэі. Але тое, што людзі выйшлі бараніць, што тая вялікая хваля інфармацыйнай салідарнасці ўзнікла, калі вядомыя людзі кажуць, што рэстаран той ― свінства, што нагі яго там не будзе, гэта важна. Так пачынае раскручвацца спрычыненасць да нацыянальнай ідэі”, ― кажа Міраслаў Лазоўскі.

Нагадаем, у Курапатах, лясным масіве пад Мінскам, карнікі НКВД у перыяд з 1937 па 1941 год расстралялі паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай “Бульбаш-хол” пачалася ў ахоўнай зоне Курапатаў у 2010 годзе. У 2013-м ахоўную зону звузілі, і цяпер рэстаран у яе межы не трапляе.

 

Ці парушылі закон уладальнікі рэстарацыі ў Курапатах?

Што страшней ― “рэстаран на костках” ці заявы Шуневіча пра ЛГБТ?

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі