20:27 "Свабодны тэатр" атрымаў найвышэйшую адзнаку "Гардыян"

Паказаны ў Англіі спектакль беларускага "Свабоднага тэатра" "Быць Гаральдам Пінтэрам" атрымаў найвышэйшую адзнаку - пяць "зорак" - ад брытанскай газеты "Гардыян". Пра гэта паведаміў рэжысёр тэатра Уладзімір Шчэрбань. Паводле яго слоў, творчасць калектыву была ацэнена пасля ўдзелу тэатра ў канферэнцыі "Мастак і Грамадзянін", прысвечанай 50-годдзю творчай дзейнасці Гаральда Пінтэра - англійскага драматурга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Падчас канферэнцыі, што праходзіла з 11 па 15 красавіка ў англійскім Лідсе, і быў паказаны спектакль "Быць Гаральдам Пінтэрам".

Ён пастаўлены паводле чатырох невялікіх п'ес Пінтэра, фрагментаў яго нобелеўскай прамовы, а таксама ўрыўкаў з лістоў тых, хто быў затрыманы ў Мінску ў сакавіку 2006 года пасля масавых маніфестацый на Кастрычніцкай плошчы.

Такая ацэнка спектакля, паводле слоў рэжысёра тэатра, "вельмі прыемная, бо Англія лічыцца калыскай драматургіі".

"Было прыемна, што на спектакль "Свабоднага тэатра" прыехалі гледачы з усёй Англіі, - сказаў рэжысёр, - а прадстаўляў пастаноўку апякун тэатра, вядомы англійскі драматург Том Стопард".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі