5 найлепшых экранізацый твораў Васіля Быкава і дзе іх глядзець

Быкаў на здымачнай пляцоўцы фільма "Альпійская балада"

Быкаў на здымачнай пляцоўцы фільма "Альпійская балада" / Сямейны архіў Васіля Быкава

Жорсткая і псіхалагічна дакладная ваенная проза Васіля Быкава застаецца запатрабаваннай не толькі ў шматлікіх пакаленняў чытачоў. Натхняюцца ёю і кінематаграфісты — як савецкія, так і сучасныя. Агулам паводле твораў беларускага пісьменніка стварылі каля 30 экранізацый.

Еўрарадыё згадвае пяць найлепшых з нагоды стагадовага юбілею Быкава. 

“Альпійская балада” (1965)

Рэжысёр — Барыс Сцяпанаў

Фільм "Альпійская балада" / УП "Беларусьфільм"

Савецкі вайсковец Іван (Станіслаў Любшын) і італьянская антыфашыстка Джулія (Любоў Румянцава) уцякаюць з канцлагераў і спрабуюць схавацца ад пераследу ў Альпах, дзе выпадкова сустракаюцца і праводзяць тры дні.

Трагічная, светлая і жахлівая гісторыя пра апошнія хвіліны шчасця і надзеі перад смерцю. Васіль Быкаў стварыў выключную паэтычную баладу пра духоўнае яднанне і ахвярнасць ваеннага часу людзей дзвюх розных культур, што бліскуча ўвасобіў на экране Барыс Сцяпанаў.

“Узыходжанне” (1976)

Рэжысёрка — Ларыса Шапіцька

Фільм "Узыходжанне" / Кінаканцэрн "Масфільм"

Два партызаны — Сотнікаў і Рыбак — у пошуках ежы трапляюць у палон да нямецкіх вайскоўцаў. Рыбак вырашае супрацоўнічаць з нацыстамі, а Сотнікаў абірае смерць.

“Узыходжанне” ўкраінскай рэжысёркі Ларысы Шапіцька — выдатны прыклад ідэальнай экранізацыі быкаўскай літаратуры. Аўтарка вывучае чалавечую годнасць пад прэсам надзвычайных абставінаў, ператвараючы гісторыю пра маральны выбар ва ўмовах вайны ў эсхаталагічную прыпавесць пра грахі і збавенне.

“Знак бяды” (1986)

Рэжысёр — Міхаіл Пташук

Фільм "Знак бяды" / УП "Беларусьфільм"

Жыхарка вёскі Сцепаніда абараняе падчас Другой сусветнай вайны свой дом і сваю сям'ю ад гітлераўскіх салдат.

Амаль даслоўная экранізацыя быкаўскага твора, прасякнутая пачуццём незваротнай катастрофы. Няма канца і краю бедам, якія валяцца на галоўных герояў, Сцепаніду і Петрака. Карціна Пташука — адзін вялікі згустак пакутаў і болю, які ў пэўны момант дасягае піку, ператвараючыся ў антычную трагедыю.

“На чорных лядах” (1995)

Рэжысёр — Валерый Панамароў

Копія адрэстаўраванай "Беларусьфільмам" стужкі "На чорных лядах"

Атрад Слуцкага збройнага чыну змагаецца супраць чырвонаармейцаў, але безвынікова — бальшавікі перамагаюць. Паўстанцам нельга трапляцца ні жывымі, ні мёртвымі. Параіўшыся з імі, камандзір прымае неадназначнае рашэнне.

Шматпакутная экранізацыя антысавецкага твора Быкава, якая так раззлавала прарасійскі ўрад Лукашэнкі, што копію стужкі фактычна скралі са студыі “Беларусьфільм” перад паказам. Праз 29 гадоў гісторыя паўтарылася — адрэстаўраваную і апублікаваную летам 2020 года стужку студыя схавала з публічнага доступу, што чарговым разам падказвае — рэпрэсіўная імперыя нікуды не падзелася.

“У тумане” (2012)

Рэжысёр — Сяргей Лазніца

Трэйлер фільма "У тумане" / The Match Factory

БССР, 1942 год. Краіна пад нацысцкай акупацыяй. Чыгуначнага абыходчыка Сушчэню несправядліва абвінавачваюць у калабарацыі. Адчайна спрабуючы выратаваць сваю годнасць, ён сутыкаецца з немагчымым маральным выбарам.

Пераканаўча і прыгожа знятая драма "У тумане" адлюстроўвае маральныя супярэчнасці і барацьбу чалавека за годнасць у складаных умовах вайны. Як і Шапіцька, Лазніца стварае з псіхалагічнага твора Быкава гуманістычную прыпавесць пра моц свабоды волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі