8 чэрвеня збярэцца рабочая група па пытаннях дзейнасці ІП

8 чэрвеня збярэцца рабочая група па пытаннях дзейнасці ІП

Рабочая група па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры грамадска-кансультатыўным савеце, які існуе пры Міністэрстве эканомікі, правядзе пасяджэнне 8 чэрвеня. Пра гэта паведаміў лідар рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. Ён спасылаецца на ліст, які атрымаў ад намесніка міністра эканомікі Ірыны Касцевіч.

Вядома, што на абмеркаванне рабочай групы вынясуць чатыры пытанні. Гэта — увядзенне ў краіне інстытута падатковых кансультантаў, выкарыстанне ІП электроннага рахунку-фактуры ў выглядзе электроннага дакумента, устаноўка і выкарыстанне ІП плацежных тэрміналаў; правілы маркіроўкі прадукцыі ў адпаведнасці з тэхрэгламентамі, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляла Еўрарадыё, рабочая група была створаная загадам міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага ў лютым 2016-га пасля неаднаразовых просьбаў ІП пачаць дыялог аб іх праблемах. На яе чале былі пастаўленыя намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч і намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. У групу ўвайшлі не толькі чыноўнікі, але і кіраўнікі бізнес-саюзаў і старшыні саветаў рынкаў з рэгіёнаў (агулам больш за 20 чалавек). Пасяджэнні ў Мінэканомікі праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.

Адзначаецца, што апошні раз рабочая група збіралася амаль тры месяцы таму — 9 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі