Абарона Сафіі Сапега мяркуе, што прысуд ёй вынесуць у траўні
Прысуд па справе Сафіі Сапега могуць вынесці ў траўні. Пра гэта "Известиям" расказаў адвакат яе сям'і Антон Гашынскі.
"Суд будзе доўжыцца мінімум адзін месяц, ужо запланавана каля 20 судовых пасяджэнняў. Прысуд будзе вынесены пасля даследавання ўсіх прадстаўленых доказаў і выступаў бакоў у спрэчках, а Сафіі — з апошнім словам. Гэта можа адбыцца ўжо ў траўні 2022 года", — заявіў Гашынскі.
Юрыст падкрэслівае, што справа вельмі складаным з пункту погляду яе палітызацыі і грамадскага рэзанансу.
Суд над расіянкай Сафіяй Сапега пачаўся 28 сакавіка. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Справу разглядае Гродзенскі абласны суд.
"Сёння на судовым пасяджэнні прысутнічаў прадстаўнік амбасады РФ у Беларусі, блізкія Сафіі — мама і айчым, прадстаўнікі СМІ, яе сябры. Па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы працэс зрабілі закрытым і пасля перапынку, калі ўсе пакінулі залу судовага разбору, працягнулі ўжо без гледачоў", — кажа Гашынскі.
З улікам дасудовага пагаднення са следствам Сафіі пагражае да шасці гадоў зняволення. Абвінавачанні 24-гадовай расіянцы выставілі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта самалёта Ryanair, прымусова пасаджанага ў Беларусі 23 траўня 2021 года. Яе вінавацяць у адміністраванні ТГ- канала "Чорная кніга Беларусі", дзе публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.