Суд над палітзняволенай Сафіяй Сапегай зрабілі закрытым
Сафія Сапега / Фота з сацсетак
Суд над палітзняволенай Сафіяй Сапегай будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Пра гэта папрасіў пракурор, матываваўшы тым, што ў справе ёсць персанальныя звесткі сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў, а таксама "інфармацыя, якая носіць экстрэмісцкі характар". Суд задаволіў хадайніцтва.
Разгляд справы Сафіі Сапегі пачаўся 28 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе.
Дзяўчыну затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — яны былі пасажырамі рэйса Ryanair Афіны — Вільня. Экіпаж борта вымусілі здзейсніць пасадку ў Мінску.
Сапега — грамадзянка Расіі. Першапачаткова яе абвінавацілі ў адміністраванні "экстрэмісцкага" тг-канала, у якім публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў. Пазней стала вядома, што Сафіі прад'явілі абвінавачванне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Сафія Сапега заключыла дасудовае пагадненне са следствам і напісала прашэнне аб памілаванні. У апошнія месяцы яна знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.