Палітвязня, асуджанага на 15 гадоў зняволення, зноў будуць судзіць
Сяргей Канавалаў
Палітвязня, асуджанага на 15 гадоў зняволення, зноў будуць судзіць. 52-гадовага Сяргея Канавалава абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі", паведамляюць праваабаронцы.
Суд пачнецца 12 лістапада ў Бабруйску (суддзя — Павел Карцінін). Палітвязню могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення.
Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. Яго затрымалі 6 сакавіка 2022 года. Міліцыя сцвярджала, што мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. У верасні 2022-га Сяргея Канавалава асудзілі па крымінальнай справе аб "распальванні нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці" і аб "падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму" на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Беларускія праваабаронцы прызналі Канавалава, разам з іншымі "рэйкавымі партызанамі", палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.