У Клімавічах суд забраў у трактарыста ровар
Суд над трактарыстам
У Клімавічах на Магілёўшчыне за скрадзеныя 200 літраў дызельнага паліва судзілі трактарыста-машыніста аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Летам на працягу месяца мужчына з замацаванага за ім камбайна зліваў гаручае ў каністры, якія на ровары завозіў дадому. Але яго дзейнасць стала вядомая. Страты, нанесеныя прадпрыемству, ацанілі на 400 рублёў.
На судзе трактарыст цалкам прызнаў сваю віну. Паводле яго слоў, дызельнае паліва ён збіраўся выкарыстаць "у асабістых мэтах".
Мужчыне прызначылі пазбаўленне волі на адзін год "з яго ўмоўным непрымяненнем на адзін год". Таксама яго аштрафавалі на 1200 рублёў. Ровар, як "сродак здзяйснення злачынства", забралі ў даход дзяржавы ("у парадку спецыяльнай канфіскацыі").
Відаць, трактарыст-машыніст зможа і далей працаваць на сваім прадпрыемстве (на ім, дарэчы, цяпер наладзяць улік паліва).
У міліцыі прызнаюць, што крадзяжоў маёмасці сельгасарганізацый стала больш. Паліва выносяць сотнямі літраў, камбікорм цягнуць сотнямі кілаграмаў, збожжа — тонамі. Затрыманні механізатараў адбываліся па ўсёй Беларусі. Сёлета Аляксандр Лукашэнка зноў пагражаў працаўнікам сельгасарганізацый больш жорсткімі мерамі за крадзяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.