Абітурыент здаваў тэст адначасова ў дзвюх аўдыторыях

Апошняе цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы стала самым багатым на парушэнні. Ажно 23 абітурыенты былі выстаўлены за дзверы. Еўрарадыё вырашыла даведацца, з-за якіх парушэнняў людзі губляюць надзею трапіць у ВНУ ў гэтым годзе. Бо другога разу праверыць свае веды і атрымаць доўгачаканы сертыфікат сёлета ўжо ніяк не будзе.

Каб даведацца, за што такія строгія пакаранні, Еўрарадыё звярнулася да дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалая Фяськова:

“Перш за ўсё – карыстанне мабільным тэлефонам. У адрозненне ад папярэдніх тэстаў, на матэматыцы нельга было карыстацца калькулятарам, імі можна карыстацца толькі на хіміі і фізіцы. Было некалькі выпадкаў, калі выкарыстоўвалі шпаргалкі і нават цэлыя старонкі падручнікаў”.

Але ж не абышлося і без навацый. Як распавёў Мікалай Фяськоў, упершыню была спроба выконваць тэставыя заданні адным абітурыентам за другога:

“Справа ў тым, што яны былі ў розных аўдыторыях. Ён зарэгістраваўся у 2 месцах: у адным праходзіў сам, а ў другой выконвалі за яго. Гэта, канешне, вельмі прымітыўны падыход. Нават калі б яго не выдалілі, нічога б не атрымалася. У любым выпадку, калі б мы пасля апрацоўвалі даныя, ён бы не атрымаў адпаведны сертыфікат”.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання за парушэнне правілаў былі выдалены два абітурыенты. Яны спрабавалі скарыстацца шпаргалкамі. Як распавёў Еўрарадыё прарэктар па вучэбнай працы Аляксандр Носік, шпаргалкі былі напісаны на скуры:

“Звычайныя шпаргалкі, напісаные дзе на назе, дзе на руцэ”.

А вось на Гомельшчыне на тэсце па матэматыцы адзначыўся толькі адзін абітурыент. Дый той не вельмі перажываў на гэты конт. Распавядае дырэктар Рэгіянальнага цэнтру тэсціравання па Гомельскай вобласці Уладзімір Глазуноў:

“У нас быў адзін адхілены ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту за шпаргалку. Ён намагаўся выкарыстаць даведачную інфармацыю, прычым дастаткова нахабна. Ён выйшаў у прыбіральню. Потым з прыбіральні вярнуўся і выцягнуў шпаргалку. І, дарэчы, не вельмі засмуціўся, што яго выгналі”.

І як падзяліўся з Еўрарадыё Мікалай Фяськоў, нягледзячы на тое, што абітурыенты - гэта яшчэ ўчорашнія школьнікі, падыход да іх даволі строгі:

“Няма такой нормы, што “я цябе папярэдзіў на першы раз, а ўжо на трэці раз выдаляем”. Выдаляць могуць нават пасля першага парушэння”.

Дарэчы, арганізацыйную камісію, якая кантралюе праходжанне тэстаў, не растапіць нават слязьмі:

Мікалай Фяськоў: “Плачуць у залежнасці ад нервовай сістэмы. Ну і што? Плачуць. Усе мы плачам. Мы плачам з радасці, з гора, ад чаго заўгодна плачам. Ёсць жа нормы, калі б сказалі, што калі ты плачаш, мы цябе прымем на першы курс, было б 127 тысячаў плачучых на матэматыцы”.

Дарэчы, раней паведамлялася, што на тэстах абавязкова трэба выкарыстоўваць толькі чорны атрамант. Але, як даведалася Еўрарадыё, абітурыента, які выкарыстоўвае іншы колер не выставяць за дверы. Але ж ён пакарае сябе сам. Таму што толькі чорны колер можа даць 100% упэўненасці у тым, што сканер зможа распазнаць выбраныя адказы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі