Ад палітыкаў да порнаакторак: каго і як вербавалі беларускія спецслужбы

Спецслужбы няспынна абнаўляюць сваю сетку агентуры

Спецслужбы няспынна абнаўляюць сваю сетку агентуры / @rubanau_collage

У беларускім дэмакратычным асяродку разгарэўся шпіёнскі скандал, звязаны з Яўгенам Дудкіным — палітычным актывістам і кіраўніком польскага фонду “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Выявілася, што 36-гадовы беларус як мінімум з канца нулявых да 2016 года быў сакрэтным супрацоўнікам КДБ, які інфармаваў сілавікоў аб працы магілёўскіх апазіцыянераў. У гэтым Дудкін прызнаўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку пасля пачатку публічнага абмеркавання яго справы.

Гэты прыклад выкрытай кадэбэшнай агентуры — далёка не адзіны ў гісторыі сучаснай Беларусі. Еўрарадыё ўзгадвае шэраг гучных гісторый, калі спецслужбы ўдала і не вельмі вербавалі беларусаў у свае шэрагі.

 

Мата Хары з Брэста

Апошняя гісторыя з беларускімі шпіёнамі разгарэлася ў 2024 годзе.

Дар'я Астапенка, ураджэнка Брэста, была арыштаваная ў Польшчы за шпіянаж на карысць спецслужбаў Беларусі. Эмігрантка ў 2023 годзе пранікла ў асяроддзе беларускай апазіцыі, каб збіраць інфармацыю пра іх дзейнасць. 

Ад палітыкаў да порнаакторак: каго і як вербавалі беларускія спецслужбы
Дар’я Астапенка / Poszukiwani.policja.gov.pl

Некалькі гадоў таму Дар'я ўдзельнічала ў пратэстах супраць рэжыму. Да таго ж дзяўчына здымалася ў порна і мела асабісты акаўнт на платформе OnlyFans, што, хутчэй за ўсё, дапамагло сілавікам лёгка ёй маніпуляваць. 

Пад пагрозай арышту яна згадзілася на супрацоўніцтва і атрымала псеўданім "Эла". У Польшчы яна ўступіла ў беларускія дыяспаральныя арганізацыі, а таксама праводзіла правакацыі, заахвочваючы актывістаў да радыкальных дзеянняў. Аднак праз пэўны час яе паводзіны выклікалі падазрэнні.

Аднойчы, падчас сустрэчы з паплечнікамі, Дар'я напілася і прызналася, што працуе на беларускія спецслужбы. Яна сцвярджала, што больш не хоча шпіёніць і прапанавала падаваць фальшывыя звесткі ў КДБ. 

Гэтае прызнанне выклікала шок у асяроддзі беларускіх палітычных уцекачоў. Кіраўнікі арганізацыі вырашылі паведаміць пра яе ў Агенцыю ўнутранай бяспекі Польшчы. Пры правядзенні ператрусу былі знойдзеныя доказы яе сувязі з КДБ, у тым ліку перапіска праз інтэрнэт-платформы і дадзеныя пра фінансаванне беларускіх арганізацый у Польшчы.

Дар’ю асудзілі, але адпусцілі падчас апеляцыі. І дарма — дзяўчына не прыйшла выконваць пакаранне і была аб’яўленая ў Польшчы ў вышук. Магчыма ў шпіёнкі атрымалася ўжо вярнуцца на радзіму. 

 

Кандыдат, які сарваўся з кручка

Калі юрыста і кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча затрымалі ў ноч на 20 снежня 2010 года, ён разумеў, што наперадзе будуць складаныя часы. 

Ад палітыкаў да порнаакторак: каго і як вербавалі беларускія спецслужбы
Алесь Міхалевіч / Еўрарадыё

Пасля жорсткага разгону масавых акцый у цэнтры Мінска, яго разам з іншымі лідарамі апазіцыі змясцілі ў СІЗА КДБ. Але нават тады ён не чакаў, што сутыкнецца з тым, што можа назваць толькі катаваннямі.

Спачатку мужчыну трымалі без ежы і вады, потым прымушалі гадзінамі стаяць на холадзе, у адзенні, якое не сагравала. Псіхалагічны ціск, пагрозы, а пасля і фізічнае ўздзеянне — усё гэта было часткай сістэмы, якую ён апіша пазней як "канцэнтрацыйны лагер".

На адным з такіх допытаў да яго звярнуліся больш мякка. "У цябе ёсць выбар, — сказаў адзін з афіцэраў. — Ты можаш дапамагчы нам і выйсці на свабоду. Або можаш застацца тут і згніць". Гэта быў момант, калі Міхалевічу прапанавалі стаць інфарматарам.

Канечне, ніхто не казаў пра гэта наўпрост. Але ў паветры вісеў выразны пасыл: або супрацоўнічаеш, або з табой зробяць усё, што палічаць патрэбным. Палітык падпісаў дакументы аб супрацоўніцтве, ведаючы, што не мае іншага выбару. Але нават пасля гэтага яго не адпусцілі адразу. Яму далі зразумець: цяпер ён частка гэтай сістэмы.

Калі Міхалевічу ўдалося выйсці на волю, ён адразу зрабіў тое, што КДБ, напэўна, не чакала — сабраў прэс-канферэнцыю і адкрыта пра ўсё расказаў. Выступіў з заявай, у якой прызнаў, што пад прымусам згадзіўся на супрацоўніцтва, але ніколі не збіраўся выконваць загаданы план. Ён падаў заяву ў Генеральную пракуратуру і Камітэт ААН супраць катаванняў, апісаўшы метады, якія выкарыстоўвалі ў СІЗА КДБ, і з’ехаў за мяжу.

 

Правакатарка пад прозвішчам “Ламбада”

Прэзідэнцкія выбары 2020 года таксама не абышліся без завербаваных агентаў. Але тут ужо адзначыліся не кадэбэшнікі, а іх канкурэнты з паралельнай структуры — ГУБАЗіКа.

Ад палітыкаў да порнаакторак: каго і як вербавалі беларускія спецслужбы
Алена Кузьміна / прыватная старонка на Vk.com

Яны завербавалі 49-гадовую Алену Кузьміну, ураджэнку Бабруйска, якая займалася секс-працай і нават праходзіла па крымінальнай справе. Яе сувязі з кліентамі адлюстраваныя ў кантактах пад псеўданімамі “Ламбада”, “Канфетка Алена” і “ДНР”. 

Паводле дадзеных “Кіберпартызанаў”, жанчына раптоўна пачала актыўна ездзіць за мяжу, а потым трапіла на кручок спецслужбаў. Як сцвярджае “Байпол”, Кузьміна працавала пад кантролем Івана Тарасіка з ГУБАЗіКа, які пагражаў адабраць у яе дзіця. 

Менавіта яна адыграла ключавую ролю ў правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага, якая прывяла да яго затрымання. Яе звесткі ў базах МУС засакрэчаныя, а праслухоўванне аператыўнікаў вялося пад кодавым іменем “Культура”.

Пасля 2020 года Кузьміна працягнула супрацоўніцтва з рэжымам, пішучы даносы на пратэстоўцаў і беларускую нацыянальную сімволіку.

 

Беспаспяховы ціск на палітычную актывістку

Нядаўна вызваленая з-за кратаў брэсцкая палітычная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк расказала, што яе таксама спрабавалі вербаваць. 

Падчас зняволення жанчына прайшла праз катаванні і была вымушаная падпісаць паперы аб супрацоўніцтве з сілавікамі, атрымаўшы мянушку “Эдэльвейс”. Яна падпісала першую дамову 24 снежня 2024 года ў калоніі №24, а другую — 3 лютага 2025 года ў ГУБАЗіК у Брэсце.

На наступны дзень яна пакінула Беларусь і публічна адмовілася ад падпісаных дакументаў, падкрэсліўшы, што гэта быў тактычны крок для атрымання свабоды. Яна заклікала іншых палітвязняў, якім давялося падпісаць падобныя дамовы, таксама зрабіць гэта публічна.

Агулам беларуска правяла за кратамі больш за 4 гады, з якіх 270 сутак у карцары. Пасля вызвалення яна з’ехала ў Літву, дзе яе чакалі муж і дзеці.

 

Агенты-дальнабойшчыкі

У мінулым годзе ў горадзе Познань адбыўся суд над двума беларусамі, абвінавачанымі ў шпіянажы. 51-гадовага вайскоўца ў адстаўцы Андрэя асудзілі на тры гады калоніі, а 57-гадовага кіроўцу Дзмітрыя апраўдалі за адсутнасцю доказаў. Імёны абвінавачаных не былі раскрытыя, бо судовыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме з-за дзяржаўнай тайны.

Паводле следства, беларусы прыехалі ў Польшчу нібыта на працу кіроўцамі, але насамрэч назіралі за ваеннымі і грамадзянскімі аб’ектамі стратэгічнага значэння. Яны збіралі інфармацыю менш за месяц: з сакавіка па красавік 2022 года. Частка прыгавору застаецца засакрэчанай.

Суд таксама адмяніў забарону на выезд для Дзмітрыя, і той адразу вярнуўся ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.