Адбор на Еўра-2020: Галандыя — Беларусь — 4:0 (відэа)

Адбор на Еўра-2020: Галандыя — Беларусь — 4:0 (відэа)

Зборная Беларусі па футболе няўдала пачала адборачны цыкл чэмпіянату Еўропы 2020 года. У стартавым паядынку ў Ратэрдаме каманда Ігара Крывушэнкі безнадзейна саступіла галандцам — 0:4. У пазітыўны вынік большасць беларускіх балельшчыкаў не верылі, але спадзяваліся, што да разгрому не дойдзе.

Зборная Беларусі выступала ў наступным складзе: Гарбуноў, Палякоў, Сівакоў, Мартыновіч (капітан), Шытаў, Драгун (Лапцеў, 86), Маеўскі, Стасевіч, Пуціла, Кавалёў (Савіцкі, 79), Сігневіч (Сарока, 63).

Ужо на 50-й секундзе Ігар Шытаў арганізаваў гол у сваю браму — так аддаў пас назад на Гарбунова, што мяч перахапіў Мемфіс Дэпай. Ён адправіў яго ў пустую браму. Такі пачатак можа збянтэжыць любую зборную. Беларусы доўга прыходзілі да сябе. А на 21-й Джарджыньё Вейналдум завяршае прыгожую камбінацыю, безперашкодна расстрэльвае браму Андрэя Гарбунова.

У першым тайме ў беларусаў шанцаў наперадзе практычна не было. Тое самае назіралася і ў другой палове. Галандцы спакойна кантралявалі гульню. А на 55-й Дэпай рэалізуе пенальці, які прызначылі за фол Міхаіла Сівакова на Вейналдуме — 3:0.

Апошнія 20 хвілін зборная Беларусі гуляла ў большасці: на 68-й Кені Цеце выйшаў на замену, а праз тры хвіліны атрымаў траўму. Замен у галандцаў у запасе ўжо не было. Але лік у матчы змяніўся на карысць гаспадароў поля, на 86-й вызначаецца ван Дэйк.

24 сакавіка беларусы згуляюць у гасцях з Паўночнай Ірландыяй, якая дома выйграла ў Эстоніі — 2:0.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі