"Адна бабка сказала" — Мінабароны Беларусі пракаментавала заяву Польшчы
Беларускія верталёты над польскай Белавежай / фота з ФБ-акаўнту Элізы Кавальчык
Мінабароны Беларусі абвяргае інфармацыю пра парушэнне беларускімі верталётамі Мі-24 і Мі-8 паветранай прасторы Польшчы. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы вайсковага ведамства.
Па словах Мінабароны РБ, гэта надуманыя абвінавачанні, якія кіраўніцтва Польшчы зрабіла "для чарговага апраўдання нарошчвання сіл і сродкаў ля беларускай мяжы". У Мінску падкрэсліваюць, што яшчэ зранку польскія вайскоўцы не пацвярджалі парушэнне мяжы.
"Паведамленне, не пацверджанае данымі аб'ектыўнага кантролю з боку Польшчы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разглядае ў стылі "адна бабка сказала" і адзначае, што парушэння паветранай прасторы верталётамі Мі-24 і Мі-8 не было", — заяўляюць у Мінску.
Як распавядала Еўрарадыё, Мінабароны Польшчы ўвечары 1 жніўня заявіла пра парушэнне сваёй паветранай прасторы двума беларускімі верталётамі, якія ўдзельнічалі ў вайсковых вучэннях. Польскія вайскоўцы патлумачылі, што ў першай палове дня не пацвярджалі такое парушэнне, бо беларускія верталёты перамяшчаліся на нізкай вышыні, што абцяжарвала працу радараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.