Акаўнты беларускіх прапагандысцкіх СМІ ў YouTube заблакавалі ў Літве
YouTube, ілюстрацыйнае фота
Акаўнты беларускіх прапагандысцкіх СМІ ў YouTube заблакуюць у краінах, якія пададуць такі запыт. Першай з іх стала Літва, дзе такое блакаванне ажыццявілася. Пра гэта паведамляе reform.news са словаў дарадцы Святланы Ціханоўскай Франка Вячоркі.
У Беларусі і іншых краінах доступ да каналаў захоўваецца.
"Калі будуць запыты ад іншых, дык там таксама заблакуюць. Па Беларусі — трэба будзе пазмагацца", — дадае ён.
Паводле Вячоркі, YouTube у Літве заблакаваў акаўнты інфармацыйнага агенцтва АТН, "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3", "Беларусь 5", "Беларусь 4. Брэст", "Беларусь 4. Віцебск", "Беларусь 4. Гомель", "Беларусь 4. Гродна", "Беларусь 4. Магілёў", Factor.by, ZonaX, Radius-FM, Radius FM House, Радыё "Сталіца", Першы нацыянальны канал Беларускага радыё.
Вячорка падкрэслівае, што гэтым блакаваннем YouTube выконвае міжнародныя санкцыі, уведзеныя супраць Белтэлерадыёкампаніі.
Паводле яго, дэмсілы Беларусі знаходзяцца ў кантакце з прадстаўнікамі YouTube і працуюць над выдаленнем каналаў КДБ. Ён падкрэслівае, што ўжо былі заблакаваныя сотні відэаролікаў, якія сілавікі запісалі з затрыманымі беларусамі. Таксама былі заблакаваныя і акаўнты, з якіх гэтыя ролікі запускаліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.