Албанія адмяніла бязвізавы ўезд па дыпламатычных і службовых пашпартах РБ — СМІ
Сцяг Албаніі, ілюстрацыйнае фота
Урад Албаніі ўзмацніў патрабаванні да перабывання ў краіне грамадзян Беларусі. У прыватнасці, з пераліку дакументаў, якія даюць права на бязвізавы ўезд, былі выключаныя беларускія дыпламатычныя і службовыя пашпарты, паведамляе Visaguide.
Рашэнне было прынятае 15 траўня, а набыло моц 17 траўня.
Пры гэтым правілы не памяняліся для ўладальнікаў беларускіх агульнаграмадзянскіх пашпартоў, нацыянальных пасведчанняў асобы марака і пасведчанняў на вяртанне. Людзі з гэтымі дакументамі могуць знаходзіцца ў Албаніі без візы не больш як 30 дзён з даты ўезду, а на працягу каляндарнага года — да 90 джзён.
Такім чынам, неабходнасць у візах закране толькі дыпламатаў рэжыму ды іншых чыноўнікаў, якія едуць у Албанію па службовых мэтах.
Дарэчы, бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем таксама не распаўсюджваецца на ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.