АМАП сарваў адзначэнне Дня прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце

27 ліпеня беларуская грамадскасць мела адзначыць угодкі прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. У 16 гадзін каля Чырвонага касцёлу з людзьмі павінны былі сустрэцца дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, якія прымалі ўдзел у прыняцці дэкларацыі 17 год таму. Аднак каля 16-й гадзіны плошча Незалежнасці і падыходы да яе ачапіў АМАП. Па звестках карэспандэнтаў газеты "Наша Ніва", каля плошчы стаялі аўтазакі. Аўтобус № 100 не спыняўся ад станцыі метро "Кастрычніцкая" да станцыі метро "Інстытут культуры". Выхад з метро на плошчу Незалежнасці не працаваў.

На падыходах да плошчы Незалежнасці дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яны правяралі дакументы і змесціва торбаў і заплечнікаў мінакоў, якія падаваліся ім падазронымі. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі называлі свае імёны і прозвішчы, паведаміла інфармагенцтва "БелаПАН".

У 16:25 некалькі чалавек (па розных ацэнках ад 25 да 50) сабраліся ля Чырвонага касцёла. Але АМАПаўцы і людзі ў чорным хутка выціснулі іх у бок вуліцы Мяснікова. Сярод прысутных былі палітыкі Вінцук Вячорка і Сяргей Скрабец, дзяяч культуры Уладзімір Содаль. Паводле "Нашай Нівы", лідэр АГП Анатоль Лябедзька быў затрыманы, яго адвезлі ў РУУС Завадскога раёну.

На вуліцы Мяснікова прысутныя на акцыі журналісты заўважылі аўтобус, у якім сядзелі затрыманыя на плошчы Незалежнасці. Паводле прыкладных ацэнак, затрымана шэсць чалавек.