Амбасадар Літвы адмовіўся наведаць будаўніцтва Беларускай АЭС
Амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адмовіўся ад запрашэння Мінска наведаць будаўніцтва Беларускай АЭС. Беларускія ўлады прапаноўвалі яму асабіста пераканацца ў бяспечным правядзенні работ на атамнай электрастанцыі.
У адказ Ігнатавічус заявіў, што бяспеку павінны ацэньваць эксперты, перадае charter97.org са спасылкай на агенцтва BNS. Дыпламат падкрэсліў, што праверку ядзернай бяспекі павінна праводзіць міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі МАГАТЭ.
Як паведамлялася раней, на мінулым тыдні МЗС Літвы ўручыла беларускаму амбасадару ў Літве Аляксандру Каралю дыпламатычную ноту ў сувязі з паведамленнямі пра абвал будаўнічых канструкцый на будаўніцтве АЭС. Прадстаўнікі АЭС заявілі, што ніякіх інцыдэнтаў пры ўзвядзенні станцыі пад Астраўцом не было. Акрамя таго беларускія ўлады запрасілі амбасадара Літвы асабіста пераканацца ў бяспечным ўзвядзенні АЭС.