Амбасадары краін ЕС узгаднілі перадачу даходаў ад замарожаных актываў РФ Украіне
Гаворка ідзе аб мільярдах еўра ў год, ілюстрацыйнае фота
Амбасадары краін ЕС далі прынцыповую згоду на план Еўракамісіі выкарыстоўваць даходы ад замарожаных расійскіх актываў для аднаўлення Украіны. Пра гэта паведамілі ў сацсетцы X прадстаўнікі Бельгіі. Гэта краіна зараз выконвае абавязкі старшыні ў Савеце Еўрапейскага Саюза. Гаворка ідзе аб прыбытку ад інвеставання замарожаных расійскіх актываў, якія знаходзяцца ў еўрапейскім дэпазітарыі Euroclear. План прадугледжвае, што гэты прыбытак будзе пералічвацца ў спецыяльны фонд і захоўвацца там, пакуль краіны ЕС не вырашаць накіраваць гэтыя сродкі на дапамогу Украіне.
У праекце пагаднення гаворыцца, што такі механізм будзе "адпавядаць дагаворным абавязацельствам, а таксама праву ЕС і міжнароднаму праву". Тэкст пагаднення плануюць канчаткова зацвердзіць "як мага хутчэй", піша Deutsche Welle.
У Euroclear захоўваецца 191 з 260 млрд еўра замежных актываў Расіі. Паводле справаздачы дэпазітарыя, толькі за першае паўгоддзе 2023 года Euroclear зарабіў на інвеставанні гэтых сродкаў больш за 1, 7 млрд еўра. Такім чынам, гаворка можа ісці пра некалькі мільярдаў еўра за год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.