Андрэй Дзмітрыеў у калоніі працуе на вытворчасці па здабычы каляровых металаў

Андрэй Дзмітрыеў

Андрэй Дзмітрыеў / БЕЛТА

Палітвязень і сустаршыня аб'яднання "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў працуе ў калоніі на вытворчасці па здабычы каляровых металаў з кабеляў — чысцяць старыя драты ад ізаляцыі. Пра гэта піша "Радыё Свабода" са спасылкай на былога калегу палітыка.

"Праца нялёгкая, але ён чалавек працавіты, карпатлівы, засвоіў і гэтую. План выконвае", — кажа крыніца. Паводле яго слоў, Дзмітрыеў "схуднеў, але адчувае сябе нармальна, на здароўе не скардзіцца". Займаецца фізкультурай (падцягваецца на турніку, адціскаецца) і шмат чытае, вучыцца. У прыватнасці, у калоніі Дзмітрыеў пачаў вывучаць іспанскую мову, па самавучыцелі займаецца шахматамі, а яшчэ вучыцца пісаць левай рукой. "Навошта яму гэта, невядома, але вось ён такі", — кажа былы калега Дзмітрыева.

Нагадаем, Андрэя Дзмітрыева затрымалі ў студзені 2023 года. Следчы камітэт палічыў, што Дзмітрыеў нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту. У выніку яму інкрымінавалі арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У СК тады ж адзначалі, што палітык "599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года". Следства палічыла, што "наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго "палітычнай" дзейнасці з замежжа". У красавіку гэтага года суддзя Кацярына Мурашка прызначыла палітыку паўтара года пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі Дзмітрыева палітвязнем. На волю палітык павінен выйсці ў красавіку наступнага года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі