Андрэй Хадановіч: Усе ведаюць пра нас толькі па прозвішчы аднаго палітыка

Еўрарадыё: Хто з вядомых беларусаў паехаў на гэты кангрэс?


Андрэй Хадановіч: З вядомых беларусаў да кангрэсу дабраліся мысляр Валянцін Акудовіч, незалежны выдаўца і гаспадар кнігарні Ігар Логвінаў, прадстаўнік кампаніі "Будзьма" Севярын Квяткоўскі, а таксама паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч.

Еўрарадыё: Пра што ідуць дыскусіі?


Андрэй Хадановіч: Пачнем з тэмаў, якія абмяркоўваліся — культура і сучасныя выклікі ў гэтым рэгіёне паміж Еўрасаюзам, дзе, нібыта, усё цывілізавана, але ж ёсць, аднак, свае праблемы, і нашай культурай, якая сутыкаецца з рынкам і мусіць «прадавацца», бо такімі ёсць вымаганні часу. З іншага боку, ёсць мы, якія на адным абшары існуюць разам з расійскім шансонам і змушаны змагацца з рускамоўнасцю беларускіх чыноўнікаў, з аўтарытарнай, а месцамі з таталітарнай дзяржавай...

Тут у пэўным сэнсе ёсць нейкая стратэгія выжывання. Шэсць краінаў Усходняга партнёрства — гэта блізкія суседзі палякаў. Ва ўсіх у нас існуюць нейкія агульныя пункты зацікаўленасці. Мы больш-менш ведаем, што нам трэба ў нашых палітычных вымогах, але зусім не задаем сабе пытання, што патрэбна для нашых культур. Таму Люблінскі форум дае нам магчымасць пабачыць, што нам патрэбна ў гэтым спектры.

А яшчэ нам, беларускім удзельнікам форуму, хацелася б паказаць, што мы, беларусы, хацелі б паказаць пра сябе на Захадзе, дзе пра нас ёсць нейкае спрошчанае ўяўленне. Усе ведаюць пра нас толькі па прозвішчы аднаго палітыка, - прымітыўна, шчыра кажучы. Вязні палітычныя, рэпрэсіі, ціск на іншадумнасць — гэта важныя веды, але ж гэта толькі частка нашай сённяшняй Беларусі. Ёсць вялікая культурная спадчына, якая не мае ніякага дачынення да сённяшняй сітуацыі. І на нас пачынаюць глядзець, як на нейкіх пастаўленых "у позу" канфармістаў, альбо як на нейкіх апазіцыйных дзеячаў.

А мне падаецца важным, што мы — нармальная еўрапейская супольнасць, з нармальным дыскурсам, з нармальнымі сучаснымі культурнымі працэсамі, хоць і ў "партызанскіх" умовах... Вядома, што дзяржава паварочваецца рэпрэсіўным бокам да культуры — з'явілася вельмі шмат канфармістаў сярод дзеячаў культуры. Вядома, што культура будзе агрызацца. Але за гэтым "агрызаннем" вельмі важна не згубіць поле сваёй дзейнасці, таго, на што мы павінны звярнуць усю увагу, не згубіць вечнасць за дзённым. Тое, што называецца вечным.

Еўрарадыё: Джуліан Барнс, які атрымаў прэмію «Букера» за сваю кніжку, сказаў, што на Захадзе склалася такая сістэма падыходу да пісьменнікаў з таталітарных краін, што пісьменнікі з такіх краін, як наша, найбольш "чытальныя". Напрыклад,  калі выйдуць дзве кніжкі пісьменніка з Вялікабрытаніі і Беларусі, то большым попытам будзе карыстацца кніжка беларуса. Як вы гэта патлумачыце?


Андрэй Хадановіч: Гэта праўда, але не да канца. Вядома, што там, дзе ёсць парушэнне правоў чалавека, існуе нейкі магніт, прыцягненне інтарэсу, але без пэўнага літаратурнага таленту. Тут патрэбны талент, якасць твора. Мы часам застаемся ў коле сваіх уласных інтарэсаў, і таму часам не зусім цікавы чытачам на Захадзе. Каротка гаворачы, мы не канвертабельныя. Таму нам трэба звярнуць увагу на агульначалавечы, універсальны аспект нашай культуры. Нічога новага не адкрыю, але мая парада маладым літаратарам у сённяшнім вельмі меркантыльным свеце: пішыце так, каб гэта кранала за душу, каб выдаўца не сумняваўся ці даваць грошы на выданне вашага твору.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі