АПЕК пазычыць Беларусі грошай на незразумелых умовах

Грошы фонду АПЕК павінны пайсці на ахову здароўя / Reuters​
Грошы фонду АПЕК павінны пайсці на ахову здароўя / Reuters​

Фонд міжнароднага развіцця АПЕК дасць Беларусі пазыку на 20 млн долараў. Крэдытнае пагадненне падпісана 24 снежня, паведамляе Мінфін.

Па ўмовах крэдытавання, сродкі павінны быць накіраваны на падтрымку сістэмы аховы здароўя і памяншэнне рызык, звязаных з COVID-19. На які тэрмін і пад які працэнт будзе выдадзена пазыка, не гаворыцца. Незразумела нават, калі сродкі будуць пералічаныя.

На сайце фонду ёсць інфармацыя пра адну аперацыю з Беларуссю — ад 6 ліпеня 2020 года. Гэта таксама была пазыка на $20 млн — і таксама на падтрымку сістэмы аховы здароўя. Але якраз у ліпені каранавіруса ў Беларусі ўжо "не было відаць". Умовы, на якіх давалася першая пазыка ад Фонду міжнароднага развіцця АПЕК, таксама не апублікаваныя.

— Абсалютна непразрыстыя ўмовы крэдытавання. Я б адзначыў два нюансы. Першы — дастаткова невялікая сума, якая кардынальных пытанняў не закрывае. Другі — склад АПЕК — гэта перш за ўсё арабскія краіны і краіны Блізкага Усходу, асобныя краіны Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўднёвай Амерыкі. Большасць з іх не вылучаецца дэмакратычнасцю рэжымаў, — кажа старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

На думку эксперта, гэтыя краіны лёгка закрываюць вочы на праблемы з правамі чалавека і празрыстасцю выбараў, таму і пазычаюць беларускаму ўраду. Ці пойдуць гэтыя сродкі на ахову здароўя?

— Або гэта мэтавая пазыка і крэдыторы будуць кантраляваць кірунак грошай. Або больш магчымы варыянт — грошы трапяць у распараджэнне Мінфіна і могуць быць выдаткаваныя ім па сваім меркаванні.

Але ў любым выпадку гэта і дапаможа не моцна, і павялічыць наш доўг не моцна. Штогадовыя выплаты па вонкавым доўгу — каля 3,5 мільярда долараў. Гэта значыць, 20 мільёнаў долараў — гэта крыху больш, чым паўпрацэнта ад таго, што нам на працягу года трэба вярнуць.

Як заявіў 17 снежня першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, сёлета на барацьбу з каранавірусам з бюджэту дадаткова выдзелена 600 млн рублёў. Па цяперашнім курсе гэта каля $231 млн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі