Апошняе слова палітзняволенай Вольгі Залатар: "Жыве Бог! Жыве вечна"

Апошняе слова палітзняволенай Вольгі Залатар: "Жыве Бог! Жыве вечна"

30 лістапада палітзняволеная Вольга Залатар выступіла ў судзе з апошнім словам, піша "Наша Ніва". 

Вольга — каталічка і маці пяці дзяцей. Дзеянні, за якія яе судзяць, яна патлумачыла якраз гэтым:

"Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву па божым запавеце.

Я тут, бо я мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка, я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту.

Мы ўсе — дзеці Божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства божага, дзе пануе любоў. У валадарстве Божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху".

У сваім апошнім слове палітзняволеная заклікала да пакаяння і ўзаемнага прабачэння ў грамадстве:

"Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходнае пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.

У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя.

У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана "Мір. Любоў. Свабода". І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны.

Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: "На Беларусі Бог жыве". Жыве Бог! Жыве вечна".

Вольгу Залатар вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Нагодай для абвінавачання стала тое, што жанчына стварыла і вяла дваровыя тэлеграм-чаты. Пазней іх прызналі экстрэмісцкімі. 

Следства не знайшло і не дапытала ніводнага чалавека, які нібыта ўваходзіў у тое "экстрэмісцкае фармаванне". Тым не менш пракурор запатрабавала пакараць Вольгу пяцю гадамі калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі