Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 70-годдзе

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 70-годдзе

Кіраўнік рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 70-годдзе. З гэтай нагоды 2 студзеня ў сталічным архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Паны Марыі прайшла святая імша падзякі. А 3 студзеня, непасрэдна ў свой дзень народзінаў лідар беларускіх католікаў будзе цэлебраваць у архікатэдры адразу дзве імшы. Яны пройдуць у 11.30 і ў 13.00, паведамляе сайт catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна ў сям’і Ігнацыя і Ганны Кандрусевічаў. Атрымаў інжынерна-тэхнічную адукацыю ў Ленінградзе, а пасля пэўны час працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў.

У 1976 годзе Тадэвуш Кандрусевіч паступіў у Духоўную семінарыю ў Коўне, якую скончыў у 1981 годзе. Тады ж прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.

Спачатку служыў у Літве, а ў 1989 годзе быў прызначаны біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Падчас свайго біскупскага служэння на радзіме Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, а таксама прычыніўся да выдання “Парадку Імшы” і “Катэхізісу” на беларускай мове.

З 1991 да 2007 года Кандрусевіч служыў у еўрапейскай частцы Расіі, а затым зноў вярнуўся ў Беларусь, стаўшы арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую раду справядлівасці і спакою. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).

Валодае беларускай, рускай, польскай, літоўскай, англійскай і італьянскай мовамі.

Фота: catholic.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі