Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan пазбавіўся ад свайго бізнесу ў РБ
Інвестары сыходзяць з Беларусі (ілюстрацыйнае фота)
Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan пазбавіўся ад свайго бізнесу ў Беларусі. Яго заводамі і лагістычнымі цэнтрамі цяпер валодае эмірацкі фонд Causa Foundation. Кіраванне бізнесам перадалі расійскім менеджарам, піша officelife.media.
Юрыдычныя асобы, якім належалі прадпрыемствы Kronospan у нашай краіне, завяршылі рэбрэндынг. Заводамі ў Смаргоні цяпер кіруюць кампаніі "Ультрадекор", "Ультрадекор Пропертиз" і "Ультрадекор НТ", на Магілёўшчыне — "Ультрабилд Стил" і "Ультра Плай ОСБ", у Віцебску — "Ультрабилд". Перайменаваныя і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.
Сыход Kronospan з Беларусі адбыўся "таемна" ў пачатку восені 2023 года. Раней таму ж фонду, зарэгістраванаму ў ААЭ, былі перададзены актывы ў РФ.
Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг з'явіўся на беларускім рынку ў 2011 годзе. Ён быў найбуйнейшым інвестарам у дрэваапрацоўцы. Агульная сума інвестыцый ацэньваецца на 1 млрд еўра (вядома, што з 2012-га да 2016-га холдынг інвеставаў у беларускія праекты 870 млн долараў).
Варта адзначыць, што прадпрыемствы Kronospan былі ўключаныя ў спіс забароненых да продажу без узгаднення з урадам "актываў з недружалюбных краін".
У 2021-м Kronospan трапіў у "чорны спіс" кампаній, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Аўстрыя якраз спрабавала "прытармазіць" увядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.