Бабло або клопат? Чаму Аўстрыя хоча "змякчыць" санкцыі супраць Беларусі
Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц і Аляксандр Лукашэнка з лыжамі / калаж Еўрарадыё
Аўстрыя спрабуе "прытармазіць" увядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі, піша Politico. Як паведамляе выданне са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, Вена не ўхваляе санкцый, "накіраваных на вычарпанне валютных запасаў беларускага рэжыму".
Ужо на ўзроўні трактоўкі гэтых слоў у экспертаў з'явілася рознае разуменне таго, што адбываецца. Хтосьці выказаў здагадку, што Аўстрыі не падабаюцца любыя эканамічныя санкцыі да Беларусі. Іншыя эксперты лічаць, што толькі тыя, якія закранаюць фінансавы і банкаўскі сектары.
У свой час кіраўніком назіральнага савета Прыёрбанка быў уплывовы "апаратчык" Уладзімір Сямашка, а адным з акцыянераў — калісьці ўсёмагутны Уладзімір Пефціеў, якога ў прэсе называлі адным з "кашалькоў рэжыму".
Прыёрбанк плаціць вялікія падаткі, актыўна крэдытуе насельніцтва і павышае попыт на рынку, працуе з дзяржаўнымі кампаніямі, у тым ліку крэдытуючы іх. Ва ўсім гэтым зацікаўлены не толькі беларускія ўлады, але і ўладальнікі самога банка.
Ёсць цікавы гістарычны факт: у 2010-м у Аўстрыі выбухнуў скандал вакол былога кіраўніка аўстрыйскага НАК і кіраўніка Casinos Austria Леа Вальнэра. Высветлілася, што ён праводзіў фінансавыя махінацыі і карыстаўся "чорнай касай" у Raiffeisen. СМІ паведамлялі, што менавіта Вальнэр аплачваў адпачынак Лукашэнкі і ягоных набліжаных у Ціролі ў 2002 годзе. А праз год Raiffeisen набыла мажарытарны пакет акцый Прыёрбанка, якім да гэтага валодалі дзяржпрадпрыемствы.
Грошы муры ламаюць
Прыёрбанк цікавы і важны Аўстрыі не толькі як паспяховы беларускі банк, але і як свайго роду аператар развіцця гандлёвых і інвестыцыйных адносін паміж краінамі.
За 2020-ы беларускі А1 меў выручку ў памеры больш за 400 мільёнаў еўра. Гэта чацвёрты па значнасці паказчык сярод усіх краін, дзе прадстаўлены аўстрыйскі холдынг. А1 пастаянна ўваходзіць у топ-10 падаткаплацельшчыкаў Мінска.
За працу ў Беларусі А1 ужо атрымліваў міжнародную крытыку. Адзін з довадаў — аператар адключаў сувязь па патрабаванні дзяржорганаў. Прычым у кампаніі ў адказ на прэтэнзіі таксама, як і чыноўнікі, казалі пра нібыта DDoS-напады з-за мяжы.
Der Standart адзначае і тое, што А1 у Беларусі выкарыстоўвае тэхналогію глыбокай праверкі пакетаў (DPI), якая выкарыстоўваецца для фільтрацыі інтэрнэт-трафіку. Ад аўстрыйскага холдынга чакаюць адказаў па гэтых пытаннях, але яго пакуль няма.
Багатыр беднаму не брат
Яшчэ некалькі буйных праектаў аўстрыйскага бізнесу ў Беларусі звязаныя з дрэваапрацоўкай і платнымі дарогамі.
Так, Kronospan Holding працуе ў Беларусі з 2011 года, развівае тут вытворчасць ДСП, падлогавых пакрыццяў і да таго падобнага. За некалькі гадоў (з 2012-га да 2016-га) холдынг інвеставаў у беларускія праекты 870 млн долараў, часткова за кошт ЕБРР. Пазней банк вылучыў яшчэ некалькі пазык прадпрыемству.
Kronospan займае ладную долю рынку беларускай дрэваапрацоўкі: ужо ў 2017-м яна ацэньвалася ў 20%. У тым жа годзе Беларусь наведваў уладальнік холдынга Петэр Кайндл, які меў цёплыя зносіны з Лукашэнкам.
Праўда, ужо ў пачатку 2020-га Лукашэнка казаў пра тое, што "нейкія там "Кранаспаны" дыктаваць парадак дня на рынку дрэваапрацоўкі ў Беларусі не будуць. Але рэальных наступстваў гэтыя словы не мелі.
Больш за тое, у канцы 2020-га ў Беларусі развіваць новую вытворчасць вырашыла і аўстрыйская HS Timber Group. Яны плануюць укласці 84 млн еўра ў лесапільны завод на Гродзеншчыне.
Аўстрыйскі бізнес датычны і да работы сістэмы збору платы за праезд BelToll. Распрацоўшчык і аператар сістэмы — кампанія Kapsch TrafficCom. Паводле пагаднення з беларускім урадам холдынг сам уклаўся ў сістэму, за што атрымаў магчымасць 20 гадоў працаваць з сістэмай і атрымліваць прыбытак.
Багаты беднаму не сябра
Аўстрыя і ў мінулым выступала або за адмену санкцый супраць Беларусі, або за іх максімальнае змякчэнне. Тут ігралі ролю і шматлікія аўстрыйскія бізнес-праекты, і "асаблівы погляд" афіцыйных асоб у Вене.
Першы еўрапейскі візіт Лукашэнкі ў Еўропу за доўгія гады адбыўся менавіта ў Аўстрыю ў 2019 годзе. Там ён бачыўся з федэральным прэзідэнтам Аляксандрам Ван дэр Беленам і канцлерам Себасцьянам Курцам, а таксама прадстаўнікамі бізнесу. Аўстрыйскія "вярхі" прыляталі і ў Беларусь.
Актыўна дыялог падтрымлівала з Беларуссю і на той момант кіраўніца МЗС Аўстрыі Карын Кнайсль. Менавіта на яе вяселлі ў 2018 годзе танцаваў Уладзімір Пуцін, а праз тры гады яна ўвайшла ў раду дырэктараў "Раснафты".
Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.