Навошта вярхі беларускага бізнесу ідуць у "ганаровыя консулы"
Аляксандр Машэнскі, Аляксандр Шакуцін і Аляксандр Зайцаў таксама ўваходзяць у лік ганаровых консулаў / калаж Еўрарадыё
У Беларусі працуюць больш за тры дзясяткі ганаровых консулаў замежных краін. Афіцыйна гэта не дыпламатычная праца. Але пэўныя прэферэнцыі такое званне дае. Таму сярод "ганаровых консулаў" можна знайсці нямала прадстаўнікоў вярхоў беларускага бізнесу.
Расказваем, які бізнесмен прадстаўляе якую краіну і на якія "плюшкі" ён за гэта можа разлічваць.
Ганаровы консул — гэта "вясельны генерал"?
Не зусім. Ганаровыя консулы не займаюцца пытаннямі грамадзянства і віз, хоць могуць выконваць і некаторыя функцыі "звычайных" консулаў: арганізоўваць мерапрыемствы, легалізоўваць дакументы, дапамагаць грамадзянам сваёй краіны, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю. Але галоўная мэта іх працы — садзейнічанне развіццю адносін паміж краінамі.
Па Венскай канвенцыі, ганаровы консул валодае пэўнымі імунітэтамі і гарантыямі. Напрыклад, за дзейнасць у гэтай ролі чалавек не можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай або судовай адказнасці. Праўда, абароны на час выканання іншых функцый (напрыклад, бізнесу) няма. Затое ёсць вызваленне консульскіх памяшканняў ад падаткаў і збораў. Таксама ганаровыя консулы атрымліваюць консульскія карткі ў МЗС і маюць права на дыпламатычныя нумары для службовых машын.
Гэта ўсё — "плюшкі" ў краіне знаходжання. Ёсць пэўныя магчымасці і ў краіне, якая прызначае ганаровага консула. Яны ніяк не рэгламентаваны, але чалавеку з такім званнем лягчэй сустрэцца з высокапастаўленымі чыноўнікамі або топавымі бізнесменамі. Развіццё двухбаковага гандлю — адна з мэт гэтага інстытута, таму прычапіцца няма да чаго.
Венскі вальс
Адзін з самых дасведчаных і паспяховых на консульскай ніве бізнесменаў — Сяргей Касцючэнка, ганаровы консул Аўстрыі ў Беларусі. Ужо трыццаць гадоў ён узначальвае праўленне Пріорбанка, большая частка якога належыць аўстрыйскай Raiffeisen Group.
Ганаровае консульства Аўстрыі размешчана па тым жа адрасе, што і офіс Пріорбанка. Касцючэнка часта ўдзельнічае ў мерапрыемствах з аўстрыйскімі бізнесменамі і чыноўнікамі. Напрыклад, ён быў на адкрыцці новага офіса амбасады Аўстрыі ў Мінску, а перад прыбыццём туды кіраўніка аўстрыйскага МЗС асабіста чысціў чырвоную дарожку ад снегу.
Далёкім ад беларускіх уладаў Касцючэнку таксама не назавеш: кіраўніком назіральнага савета Пріорбанка ў свой час быў Уладзімір Сямашка, а адным з акцыянераў — некалі ўсёмагутны Уладзімір Пефціеў, якога ў прэсе называлі адным з "кашалькоў рэжыму".
У мінулым дзесяцігоддзі Аўстрыя паслядоўна выказвалася за адмену санкцый, пад якімі беларускія чыноўнікі і бізнесмены апынуліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Адзін з нямногіх замежных візітаў Лукашэнкі таго часу быў у Вену. Але адносіны скончылася жніўнем 2020-га.
Суровыя ісландскія хлопцы
Яшчэ адзін значны ганаровы консул — уладальнік "Санта Брэмар" Аляксандр Машэнскі. Ён прадстаўляе ў Беларусі Ісландыю. Здавалася б, які можа быць інтарэс ад працы з краінай, дзе жыхароў не нашмат больш, чым у Брэсце? Але тут усё проста: Машэнскі актыўна закупляе менавіта ісландскую рыбу і морапрадукты.
Па звестках за 2019-ы, Беларусь закупіла ў Ісландыі рыбы на $38 млн. Менавіта глыбокімі сувязямі Машэнскага з Ісландыяй некаторыя тлумачаць тое, што ў апошні момант яго прозвішча выкраслілі з практычна зацверджанага "трэцяга пакета" санкцый Еўрасаюза.
Яшчэ адзін кіраўнік "Санта Брэмар" — дырэктар Сяргей Нядбайлаў — ганаровы консул, здавалася б, нярыбнай краіны: Венгрыі. Але сам ён прызнаваўся, што атрымаў выгаду ад такой "падпрацоўкі": удзельнічаў у арганізаванай венгерскай амбасадай сустрэчы з бізнесменамі ў Будапешце. Гэта дапамагло заключыць дамову з буйным брытанскім рытэйлерам Tesco, які працуе ў тым ліку ў Венгрыі і Чэхіі.
Дарэчы, Венгрыя таксама заўсёды была супраць санкцый і старалася актыўна сябраваць з Беларуссю.
Золата, брыльянты і моцнае сяброўства
Уладальнік "Амкадора" Аляксандр Шакуцін — ганаровы консул Бангладэш. Што яго звязвае з гэтай краінай, акрамя цэнтра зборкі сельгастэхнікі, невядома. Магчыма, уся рэч толькі ў гэтым бізнесе. Напрыклад, апошнія перамовы "Амкадора" і ўладаў Бангладэш — на пастаўкі тэхнікі на 117 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, адзін з даўніх бізнес-партнёраў Шакуціна, непалец Упендра Махата, доўгі час быў у Беларусі ганаровым консулам суседняга з Бангладэш Непала.
Паглядзім на іншую частку свету. Напрыклад, ганаровы консул Гватэмалы — Віталь Бандарык. Калі гэта імя вам ні пра што не кажа, тлумачым: гэта кіраўнік сходу акцыянераў "Белзамежбуда", найбуйнейшай беларускай кампаніі, якая займаецца будаўнічымі кантрактамі ў іншых краінах — перш за ўсё ў Лацінскай Амерыцы. Адначасова намеснік гендырэктара таго ж "Белзамежбуда" Віктар Атрошчык — ганаровы консул Эквадора.
Кіраўнік ЗАТ "Паціа" (сетка "Пяты элемент") Андрэй Балабін — ганаровы консул Чылі. Што звязвае яго з гэтай краінай, невядома. Але ёсць займальная дэталь з біяграфіі: Балабін калісьці працаваў у Кіраўніцтве справамі Лукашэнкі, а ў гэтай структуры цалкам відавочныя інтарэсы ў краінах "далёкай дугі".
Нядрэнна быць і ганаровым консулам якой-небудзь афрыканскай краіны. Пра гэта вам маглі б сказаць Аляксандр Зінгман і Аляксандр Зайцаў. Імёны абодвух могуць быць незнаёмыя большасці, але бізнесмены яны цікавыя, блізка звязаныя з кіраўніком Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Віктарам Шэйманам. Краіны для "ганаровага консульства" яны, выглядае, падбіралі сабе па алфавіце: Зінгман ганаровы консул Зімбабвэ, Зайцаў — Замбіі.
Але гэта дзяленне ўмоўнае: у абодвух бізнесменаў сур'ёзныя інтарэсы ў гэтых двух краінах, дый у цэлым у Афрыцы. Асноўны ўпор — пастаўка тэхнікі, як для сельскай гаспадаркі (тут актыўны Зінгман), так і для здабычы алмазаў (гэтым займаецца "Сохра" Зайцава).
Зінгман у беларускім медыяполі адсутнічае, затое афрыканскія СМІ называюць яго "паспяховым бізнесменам" і "дарадцам памочніка прэзідэнта Беларусі". Праўда, стаўленне да яго таксама неадназначнае: інфармацыя пра досыць цесныя зносіны Зінгмана з прэзідэнтам Замбіі выклікала сур'ёзную крытыку ў адрас апошняга.
Рэспубліку Конга ў Беларусі прадстаўляе ўкраінска-беларускі бізнесмен Артур Гранц, які ёсць саўладальнікам сеткі ювелірных крам. Аднак дакладна сказаць, ці звязана яго "консульства" з колькасцю золата і брыльянтаў у гэтай краіне, нельга.
Бізнесмен Сяргей Цяцерын, які збіраў з Лукашэнкам некалькі разоў кавуны, — ганаровы консул Грузіі, прычым само консульства ён адкрыў у вёсцы Александрыя. Магчыма, тут гаворка ідзе больш не пра справы, а пра моцнае сяброўства: інфармацыі пра бізнес-праекты Цяцерына з Грузіяй няма.
У спісе ганаровых консулаў ёсць і іншыя бізнесмены — праўда, менш цікавыя ў кантэксце магчымых сувязяў з беларускімі ўладамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.