Звесткі пра ўладальнікаў "Мак.Бай" засакрэцілі

Рэстаран Mak.by
Звесткі пра ўладальнікаў сеткі рэстаранаў хуткага харчавання "Мак.Бай" (былы Mcdonald’s) у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў засакрэчаныя.
У чэрвені 2024 года ў кампаніі змяніўся ўладальнік. Сетка рэстаранаў праз кампанію "Кволіці Фуд" стала належаць двум беларусам — Аляксею Саўчуку і Вікторыі Данько. Саўчук — малочны магнат: ён валодае малакоперапрацоўчымі заводамі ў Беларусі (напрыклад, брэнд "Малочныя горкі" і 49% акцый гандлёвага дома "Беллакт") і Расіі, уваходзіць у топ-30 паспяховых беларускіх бізнэсоўцаў.
Знікненне даных з дзяржрэестра заўважылі журналісты-расследвальнікі "Бюро". У выданні адзначаюць, што звесткі былі схаваныя недзе паміж 10 чэрвеня 2024 года і 13 лютага 2025 года. Прычым зніклі яны як у кампаніі "Мак.Бай", так і ў "Кволіці Фуд".
Сетку рэстаранаў беларуская дзяржава ў асобе Дзяржкаммаёмасці забрала праз суд у сінгапурскай фірмы KSB Victory Restaurants PTE. LTD. Ёю валодалі казахстанскі бізнэсовец Кайрат Баранбаеў і дырэктарка беларускай сеткі рэстаранаў Mcdonald’s Вікторыя Данько. Судовыя рашэнні па гэтай справе былі таксама засакрэчаныя: у банку даных судовых пастаноў па гэтай справе захоўваюцца толькі файлы са шматкроп’ем.
Улады не ўпершыню засакрэчваюць інфармацыю пра ўладальнікаў кампаній. Раней стала вядома, што звесткі ўладальнікаў кампаніі "Усход Пропертыз Менеджмент" таксама засакрэчаныя. Гэтая фірма валодае адной з рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі на Заслаўскім вадасховішчы і атрымлівае грошы ад структур сербскіх прадпрымальнікаў братоў Карычаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.