Банда дзясяткамі прадавала ўкраінцаў у рабства ў Расію

Украінскія праваахоўнікі спынілі дзейнасць банды, якая перапраўляла грамадзян Украіны ў Расію, дзе гэтыя людзі станавіліся працоўнымі рабамі. Сярод злачынцаў — трое ўкраінцаў і двое расіян.

Кандыдатаў у рабы яны падбіралі з малазабяспечаных сем'яў Тэрнопальскай і Закарпацкай абласцей, з ліку адзінокіх людзей, асобаў без пастаяннага месца жыхарства. Вярбоўшчыкі абяцалі ім працу ў сельскагаспадарчых гаспадарках і заробак у памеры тысяча долараў у месяц, трохразовае харчаванне.

Калі збіралася каля 20 чалавек, іх везлі ў Краснадарскі край Расіі. Там у людзей забіралі пашпарты і мабільныя тэлефоны, іх круглыя суткі ахоўвалі мужчыны з сабакамі. Рабы працавалі ад 5-й раніцы да 19-й гадзіны вечару. Жылі яны ў нечалавечых умовах, людзей амаль не кармілі, за спробы ўцёкаў жорстка збівалі.

Як інфармуе УНІАН, за некалькі гадоў у Расію банда пераправіла 70 грамадзян Украіны. Сярод пацярпелых былі нават непаўнагадовая дзяўчына і цяжарная жанчына. Тэрнопальскія праваахоўнікі затрымалі злачынцаў падчас спробы адправіць чарговую групу з 17 чалавек. Распачатая крымінальная справа, праводзіцца расследаванне.

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі