Банкір з атачэння Януковіча хаваўся ў Беларусі, а цяпер пераехаў у ЕС
Віктар Братко
Былы старшыня праўлення ўкраінскага банка "Київська Русь" Віктар Братко, які з 2016 года хаваўся ў Беларусі ад следства, цяпер, імаверна, жыве ў адной з краін Еўрасаюза. Пра гэта журналістам Радыё "Свабода" расказала крыніца ў праваахоўных органах Украіны.
Братко атрымаў у Беларусі статус палітуцекача, заявіўшы, што ва Украіне яго пераследуюць з палітычных матываў. Таму афіцыйны Мінск адмовіў Кіеву ў экстрадыцыі былога банкіра. Потым, у 2018-м, на гэтых жа падставах Інтэрпал выключыў Віктара Братко і з міжнароднага вышуку.
У снежні 2023-га Віктара Братко зноў абвясцілі ў міжнародны вышук. Ва Украіне яго вінавацяць у вывядзенні з банкаўскіх рахункаў у 2015 годзе больш як 44 мільёнаў долараў.
У часы прэзідэнцтва Януковіча банк "Київська Русь" пачаў інтэнсіўна нарошчваць свае актывы: у ім былі сканцэнтраваныя ўсе рахункі газаздабыўнай кампаніі і кіраўніцтва НАК "Нафтагаз Украіны". Калі пасля змены ўлады ў банк прыйшла часовая адміністрацыя, высветлілася, што ўсе яго актывы зніклі ў афшорах. У гэтай дзейнасці, як заяўляюць, была заўважаная фінансавая структура, нібыта звязаная з расійскім "Газпрамам".
Віктара Братко затрымалі ў Беларусі ў 2018 годзе, бо ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Але ў лістападзе таго ж года, праз тры месяцы пасля затрымання, яго вызвалілі і далі статус уцекача.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.