Беларус Аляксей Доўбаш быў у аэрапорце ў Бруселі за дзень да тэракта

Беларус Аляксей Доўбаш быў у аэрапорце ў Бруселі за дзень да тэракта

Увечары 23 сакавіка ў "Панараме" на тэлеканале "Беларусь 1" было паказанае інтэрв'ю з беларусам Аляксеем Доўбашам. Яно было запісанае ў Гомелі ў нейкім памяшканні без вокнаў. Аляксей заявіў, што ён і яго брат Іван не маюць "абсалютна ніякіх адносінаў" да тэрактаў у Бруселі, пра што паведамлялі некаторыя расійскія СМІ. Паводле яго слоў, пра тое, што напісалі пра іх у інтэрнэце, ён даведаўся ад стрыечнага брата. Ён паўтарыў тое, што гаварыў Еўрарадыё — пра сваё тэлефанаванне ў Федэральную паліцыю Бельгіі, дзе яму сказалі, што ён, брат, іх знаёмыя ніякіх адносінаў да гэтага не маюць.

Высвятляецца, што напярэдадні тэрактаў у сталіцы Бельгіі Аляксей Доўбаш знаходзіўся ў Бруселі.

Доўбаш: "За дзень да гэтага, да гэтых тэрактаў я знаходзіўся ў Бруселі... А ў дзень тэрактаў я знаходзіўся ў Гомелі". Пазней ён удакладніў, што быў у тым самым брусельскім аэрапорце.

На пытанне, ці ваявалі браты Доўбашы ў Сірыі, Аляксей адказаў адмоўна. Дарэчы, журналіст ад самага пачатку пацікавіўся ў яго, як да яго звяртацца: Аляксей ці Сулейман (ён прыняў мусульманства). Гамельчук сказаў, што ён — Аляксей.

Па словах Аляксея Доўбаша, братоў Брахіма і Халіда Бакрауі, падазраваных у здзяйсненні тэрактаў у Бруселі, ён не ведае і ніколі пра іх не чуў. На пытанне пра будучыню ён адказаў, што яшчэ не было часу падумаць, "як жыць далей".

Іван Доўбаш: Калі я тэрарыст-смяротнік, чаму я жывы і не арыштаваны?

Раней КДБ Беларусі заявіў, што беларускія грамадзяне Іван і Аляксей Доўбашы адсочваюцца з 2014 года. Летась праверка іх дзейнасці рабілася сумесна з ФСБ Расіі. Спецслужбы абедзвюх краін не знайшлі іх устойлівай сувязі з выхадцам з Расіі Маратам Юнусавым (расійскія СМІ яго называлі разам з братамі Доўбашамі, нібыта, падазраванымі ў тэрарызме).

У "Панараме" паказалі і інтэрв'ю з стрыечным братам Марата Юнусава Султанам Цемеевым, запісанае ў Гродзенскім раёне. Цемееў распавёў, што Юнусаў "дастаткова даўно жыве ў Бельгіі". Пасля таго, як яго "праславілі" расійскія СМІ, ён паехаў у паліцыю, дзе яго супакоілі: яны прэтэнзій да яго не мелі. Па словах Султана Цемеева, яго стрыечны брат не ведаў братоў Доўбашаў. Ён думае пра тое, каб звярнуцца ў суд і абараніць свой гонар і годнасць.

Падчас тэрактаў у аэрапорце і метро Бруселя 22 сакавіка загінулі больш за 30 чалавек, больш за 250 былі параненыя. Адказнасць за тэракты ўзяла на сябе тэрарыстычная "Ісламская дзяржава".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі