Беларусь і Літва будуць сябраваць утрая мацней

Беларусь і Літва пачнуць сябраваць у тры разы мацней — так паабяцаў Эдмінас Багдонас, новы амбасадор Літвы ў Беларусі.
Напружаныя стасункі з Расіяй змусілі беларускіх палітыкаў аглядацца навокал у пошуках новых геапалітычных саюзнікаў.

На вочы адразу трапіляецца Літва - ці то мост, які можа звязаць Беларусь з Еўрасаюзам, ці то фарпост, якім - пры ўмове, што стасункі Беларусі з Эстоніяй і Латвіяй застануцца па-ранейшаму прахалоднымі - нашая краіна можа быць надзейна аддзеленая ад Паўночнай Еўропы.

Тое, што з пагаршэннем расійска-беларускіх адносінаў Літва не можа больш заставацца шараговым гандлёвым партнёрам Беларусі, разумеюць і ў Прыбалтыйскай рэспубліцы, з якой у Мінск прыбыў новы амбасадар.

14 лютага Эдмінас Багдонас даў першую прэс-канферэнцыю пасля ўручэння даверчых грамат.

Эдмінас Багдонас: "Мы вас ведаем, вы нас ведаеце, мы можам дамовіцца... Мы нават праблемы можна вырашаць па-іншаму. Вельмі шмат ёсць канкрэтных праектаў, праграм...

Асноўная мэта: гандлёвы абарот Беларусі і Літвы складае каля 600 мільёнаў долараў. Гэта смешна! Я вам буду ўрачыста клясца, што пасля 3-х гадоў маёй працы тут мы гэта павялічым у тры разы".


На цырымоніі ўручэння даверчых грамат Эдмінас Багдонас меў кароткае, але змястоўнае рандэву з Аляксандрам Лукашэнка, які ўразіў амбасадара, як кажуць, з першай лыжкі.

Эдмінас Багдонас: "Ён так прыгожа сказаў: "Наша Літва!" - мне гэта падабаецца! Адразу бачна, што чалавеку на самой справе блізка, і ў яго пазітыўныя пачуцці...

Я сказаў, што ў нас вельмі шмат канкрэтных праектаў, а містэр прэзідэнт сказаў: "Тэлефануйце ў любы час". Я не асмеліўся папрасіць мабільны тэлефон..."


Суседства Беларусі і Літвы можа быць нашмат больш узаемавыгодным, чым гэта ёсць зараз, сцвярджае новы амбасадар. Беларусь за кошт літоўскага порта Клайпеда магла б - у абыход Расіі - дастаўляць сыравіну для сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Пра гэта падчас свайго візіта ў ЗША заявіў прэзідэнт прыбалтыйскай рэспублікі Валдас Адамкас. Праўда, афіцыйнай прапановы ад літоўцаў ні беларускія энергетыкі, ні беларускія чыгуначнікі, якія мусілі б ажыццяўляць транспартыроўку нафты з Клайпеды, пакуль не дачакаліся.

Вільня цікавіцца інвестыцыйным рынкам Беларусі, а таксама турыстычным патэнцыялам, які мае нашая 10-мільённая краіна.

З наступнага года Літва збіраецца стаць часткай Шэнгенскай зоны, таму з чэргамі на візы ля літоўскай амбасады Эдмінаса Багдонаса папрасілі разабрацца. Да таго ж, праз бардак у Мінску пацярпелі сябры новага амбасадара, якія трымаюць элітныя гатэлі ў Вільні.

Эдмінас Багдонас: "Яны прачыталі, што я паезу амбасадарам у Мінск і кажуць: вырашы там як-небудзь з візамі! Бо згодна з падлікамі, напрыклад, пад Новы год і на Каляды больш 80 адсоткаў ад наведвальнікаў пяцізоркавых гатэляў у Вільні складаюць менавіта беларусы, а не расейцы, не палякі і не немцы".

Афіцыйнай нагодай для прэс-канферэнцыі быў Дзень узнаўлення незалежнасці, які літоўцы чамусці святкуюць два дні запар - 15 і 16 лютага. За абмеркаваннем больш сур'ёзных пытанняў гэтая тэма згубілася, і Эдмінас Багдонас выйшаў на яе толькі пры самым канцы канферэнцыі:

Эдмінас Багдонас: "Мы святкуем 16 лютага - гэта Дзень узнаўлення незалежнасці. 15 і 16 лютага будуць вялікія святкаванні ў нас, будуць народныя гулянні, канцэрт, будзем весяліцца! 11 сакавіка - Дзень абвяшчэння незалежнасці пасля 1990-га года, і яшчэ - 6 іюня, улетку мы святкуем дзень адзінага нашага караля - Міндаўга - і гэта Дзень дзяржаўнасці."

Амбасадар Літвы ў Беларусі будзе адзначаць Дзень узнаўлення незалежнасці ў Гродна, куды паезде па справах. Гродзенскія ўлады не дазваляюць літоўцам пашырыць плошчы мясцовага кансулата, таму цалкам магчыма, што ў наступным годзе жыхарам памежжа давядзецца часцей выпраўляцца ў Мінск - па літоўскія "шэнгены".

У стасунках Беларусі і Літвы ёсць і іншыя "хворыя" пытанні: чаго каштуе адно сховішча радыёактыўных адходаў ля Ігналінскай АЭС, якое, як пужаюць, можна будзе памацаць з беларускага боку мяжы... Але Эдмінасу Багдонасу ніхто і не абяцаў, што будзе лёгка.


Мікалай Карнейчук, Еўрапейскае радыё для Беларусі


Фота — photo.bymedia.net









Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі