Беларусь прайграла Славакіі на моладзевым чэмпіянаце свету па хакеі
27 снежня моладзевая зборная Беларусі па хакеі (U-20) прайграла камандзе Славакіі на чэмпіянаце свету ў Фінляндыі з лікам 2:4 (1:1, 1:1, 0:2).
Шайбамі ў нашай камандзе адзначыліся Вадзім Маліноўскі на 12-й хвіліне і Руслан Васільчук — на 23-й.
Гэта другая запар параза нашых хакеістаў. Напярэдадні яны прайгралі гаспадарам — 0:6.
Становішча камандаў у групе В: Фінляндыя — 3 ачкі (1 матч; розніца шайбаў 6-0), Славакія — 3 (1; 4-2), Расія — 2 (1; 2-1), Чэхія — 1 (1; 1 -2), Беларусь — 0 (2; 2-10).
29 снежня нашу зборную чакае сустрэча з камандай Расіі.
Па выніках аднакругавога турніру чатыры найлепшыя каманды групы выходзяць у чвэрцьфінал. Аўтсайдэр сустрэнецца з горшай зборнай групы А, дзе выступаюць Швецыя, Швейцарыя, Канада, ЗША і Данія.
Фота: ria.ru