Беларускі IT-сектар страціў за два гады каля 23 тысяч чалавек
Ужо сёлета пра свой сыход з Беларусі заявілі некалькі IT-кампаній
У IT-сектары Беларусі зноў працуе менш за 100 тысяч чалавек. Колькасць занятых у гэтай галіне адкацілася на ўзровень 2019 года, піша рэсурс dev.by.
Паводле папярэдніх звестак, летась у IT працавала больш за 88 тысяч чалавек. Гэта на 16% або на 17,6 тысячы менш, чым у 2022 годзе. Усяго за апошнія два гады IT-сектар страціў толькі паводле афіцыйных звестак больш за 22,5 тысячы чалавек. Рэальныя страты галіны могуць быць значна вышэйшымі, адзначае рэсурс. Нагадаем, з мінулага года Белстат не публікуе інфармацыю пра нанятых і звольненых у IT. Паведамляе толькі дадзеныя агулам па сектары "інфармацыя і сувязь".
Сёлета ў беларускім ПВТ з'явіліся 44 новыя рэзідэнты, але большасць з іх — гэта невялікія кампаніі. Таму, верагодна, прыток новых спецыялістаў будзе невялікім, адзначае рэсурс. Разам з тым пра свой сыход з Беларусі заявілі некалькі дзясяткаў кампаній. У пачатку студзеня стала вядома пра закрыццё ў Мінску офіса распрацоўкі ізраільскай геймдэў-кампаніі Playtika (у мінскім офісе сёння працуе каля 300 чалавек). Офіс у Мінску закрывае і мабільны распрацоўшчык з беларускімі каранямі Apalon. На працягу лютага-сакавіка кампанія распусціць усю беларускую каманду (100+ чалавек). Таксама з краіны сыходзіць геймдэў-студыя з беларускімі каранямі Belka Games. Тут таксама працавалі больш за 100 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.