Беларускі КДБ: за ўдзел у “апалчэнні Данбасу” вам пагражае турма
КДБ распаўсюдзіў па СМІ і сацыяльных сетках папярэджанне аб небяспецы вярбоўкі грамадзян Беларусі прадстаўнікамі “ўкраінскіх сепаратыстаў”.
“Апошнім часам пачасціліся выпадкі спроб вярбоўкі невядомымі асобамі грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў баявых дзеяннях у складзе „народнага апалчэння“ непрызнаных рэспублік паўднёвага ўсходу Украіны. Гэтыя асобы пры гэтым могуць апеляваць да вашых патрыятычных пачуццяў, а таксама абяцаць значнае грашовае ўзнагароджанне”, — гаворыцца ў папярэджанні.
КДБ нагадвае, што баявыя дзеянні на тэрыторыі суседняй дружалюбнай дзяржавы не падтрымліваюцца прэзідэнтам і ўрадам Рэспублікі Беларусь, а таксама папярэджвае грамадзян аб крымінальнай адказнасці па артыкуле “найміцтва” — ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці, паводле беларускага заканадаўства.
Пра выпадкі такой вярбоўкі просяць паведамляць па тэлефоне даверу КДБ.
Крыніца ў Савеце бяспекі Беларусі пацвердзіла, што ў краіне сапраўды былі спробы вярбоўкі для ўдзелу ў канфлікце ва Украіне, паведамляе Газета.ру.