"Белсат" страчвае самастойнасць у структуры TVP
Тэлеканал "Белсат"
Тэлекампанія "Telewizja Polska" плануе змены ў працы замежных рэдакцый. У рамках гэтых зменаў тэлеканал "Белсат" пяройдзе пад кіраванне новай структуры — Цэнтра праграм для замежжа.
У гэтую ж структуру ўвойдуць руская "Вот так", а таксама будзе створана ўкраінская рэдакцыя, якая пачне працу з 1 сакавіка 2025 года. Паведамляецца, што на новым канале будзе тры моўныя паласы працягласцю шэсць гадзін кожная.
Пры гэтым кожная з тэлестанцый, якія ўваходзяць у групу, будзе працаваць пад сваёй шыльдай, мець уласныя бюджэты і аўтаномію.
Кіраваць новым цэнтрам будзе цяперашняе кіраўніцтва "TVP World". Кіраўнік "TVP World" Міхал Бранятоўскі запэўнівае: "Ліквідацыі "Белсату" не будзе, будзе новая структура. Я хачу падкрэсліць: “Белсат” не знікае, ён атрымлівае новыя магчымасці".
Гледачам змены прадставяць 1 сакавіка 2025 года. Тады ж прэзентуюць і новую назву тэлеканала.
Пасля парламенцкіх выбараў у Польшчы ў кіраўніцтве TVP адбыліся змены. У тым ліку была звольненая шматгадовая дырэктарка "Белсату" Агнешка Рамашэўска. Цяпер каналам кіруе Аляксей Дзікавіцкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.