Блогерка Вольга Такарчук — пра Е-дастаўку, КДБ і затрыманую "за каўбасу" маму
Вольга Такарчук
Падчас нядаўняга рэйду сілавікоў па сваяках палітвязняў была затрыманая Ірына Такарчук — маці блогеркі Вольгі Такарчук, якая правяла паўтара гады ў калоніі за "палітыку".
Па словах Вольгі, спачатку супрацоўнікі КДБ прыйшлі да яе.
"Быў павярхоўны ператрус, самі яны былі культурнымі і ветлівымі, нават разуліся. Забралі мой тэлефон, паклікалі панятых, склалі пратакол. Дзеці (дачцэ — 6 гадоў, сыну —10) напалохаліся", — распавяла экс-палітзняволеная праваабарончаму цэнтру "Вясна".
Потым Вольгу забралі на допыт у КДБ. Пыталіся пра Е-дастаўку. Выпісалі ўсе замовы прадуктаў на дом, якія яна рабіла.
“На пытанне: “Вы нешта ведаеце?” я сказала: “Не ў курсе, я блогер, у мяне ёсць падпісчыца, яна вырашыла дапамагчы — вось дапамагала. Нічога больш я не ведаю". Мне прапанавалі напісаць яўку з пакаяннем, я кажу: "У чым мне каяцца? У тым, што мне падпісчык дапамагаў каўбасой?". Яны: "Напішы чыстасардэчнае прызнанне, што ты раскайваешся і больш не будзеш браць каўбасу ў падпісчыка".
Падчас допыту Вольгі супрацоўнікі КДБ адправіліся да яе 63-гадовай маці Ірыны. Нават дазволілі Вользе папярэдзіць маці па тэлефоне, каб рыхтавалася. Ірыну прывезлі, калі Вольга была на допыце.
"Яны прыехалі да яе ўжо поўнасцю падрыхтаваныя. Задавалі канкрэтныя пытанні, папрасілі напісаць яўку з пакаяннем".
Праз тры дні сям'я даведалася, што на Ірыну Такарчук заведзена крымінальная справа — ёй высунулі абвінавачанне па частцы 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса ("Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці"). Вольга і яе бацька ад дачы паказанняў адмовіліся і прынялі рашэнне разам з дзецьмі Вольгі тэрмінова эвакуявацца з Беларусі.
"Калі я яшчэ пасля свайго вызвалення ўсё ж маральна рыхтавалася да таго, што можа быць трэба будзе бегчы (і тое, у выніку, я апынулася маральна не гатовая), то для таты свет рухнуў у адзін момант. Ён пакінуў усё: кватэру, машыну, сабаку, сваю маці, сяброў і, галоўнае, сваю жонку, якая ў турме “за каўбасу і макароны”. Цяпер ён у такім стане, што складана перадаць”.
Рэйд сілавікоў па сем'ях палітвязняў адбыўся напрыканцы студзеня. Па падліках праваабаронцаў было затрымана мінімум 229 чалавек, большасць з якіх — жанчыны. Іх забіралі на допыты і адпускалі пад падпіску аб неразгалошванні. Некаторыя дадому не вярнуліся. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай зацікаўленасці сілавікоў стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую нядаўна ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.